Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: Вялікі пост – час для навяртання, клопату і малітвы за мір

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 14 лютага 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак скіраваў заклік, прымеркаваны да пачатку ў Касцёле перыяду Вялікага посту.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёння распачынаецца Вялікі пост, давайце падрыхтуемся выкарыстаць гэты час як магчымасць для навяртання і ўнутранага аднаўлення ў слуханні Божага Слова, у клопаце пра нашых братоў і сясцёр, якія патрабуюць нашай дапамогі”, - заклікаў Папа.

Пантыфік заахвоціў таксама не забываць пра змучаныя народы Украіны, Палесціны і Ізраіля. “Молімся за гэтых братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад вайны. Будзем працягваць ісці наперад па шляху навяртання ў слуханні Божага слова, у клопаце пра нашых братоў і сясцёр, якія патрабуюць дапамогі, а таксама ўмацоўваючы малітву, у першую чаргу, каб выпрасіць дар міру ў свеце”, - дадаў ён.

Вітаючы пілігрымаў з Польшчы, Францішак згадаў, што ў Папяльцовую сераду ва ўсіх парафіях гэтай краіны адбываецца збор ахвяраванняў для насельніцтва Украіны. “Перад абліччам шматлікіх войнаў давайце не будзем закрываць нашы сэрцы перад тымі, хто патрабуе дапамогі. Няхай малітва, пост і міласціна будуць шляхам будавання міру”, - пажадаў Святы Айцец.

14 лютага 2024, 11:09