Папа: не задавольвацца абстрактнымі стратэгіямі ў барацьбе з голадам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У той час як мільёны людзей зацягваюць паясы, пры “правільным размеркаванні” прадуктаў харчавання “хапіла б, каб накарміць усіх, хто пакутуе ад голаду”, - падкрэсліў Святы Айцец у пасланні да кіраўніцтва структуры ААН, заўважаючы таксама, што “ежа, якая марнуецца кожны год, прыводзіць да выкіду велізарнай колькасці парніковых газаў”.
“Мы даводзім свет да небяспечнай мяжы: клімат змяняецца, рэсурсы вычэрпваюцца без меры; канфлікты і эканамічныя крызісы пагражаюць выжыванню мільёнаў людзей”, - адзначыў Папа, нагадваючы, што ў першую чаргу ад гэтага церпяць сельскія абшчыны, бо “не маюць рэсурсаў, каб супрацьстаяць выклікам змены клімату і канфліктаў, і пазбаўлены доступу да фінансавання”.
У такой жа ўразлівай сітуацыі знаходзяцца карэнныя народы, ахвяры “нястачы і парушэння іх правоў”; жанчыны, роля якіх фундаментальная для выжывання больш чым паловы сем’яў, што пакутуюць ад харчовай небяспекі; і моладзь, якая, аднак, “мае важны патэнцыял для інавацый і пазітыўных змен”, - зазначыў Святы Айцец.
У супрацьстаянні голаду і галечы, мы не можам задавольвацца “абстрактнымі стратэгіямі або невыканальнымі абавязацельствамі”: трэба культываваць “надзею, якая ўзнікае з калектыўных дзеянняў”, - напісаў Пантыфік, заклікаючы да супрацоўніцтва, накіраванага на пабудову “больш інклюзіўнай сельскагаспадарчай і харчовай сістэмы”, з навукова-даследчымі і тэхналагічнымі праграмамі, “якія паспрыяюць устойлівай і экалагічна чыстай сельскай гаспадарцы”.
Каб скараціць аб’ём адкідаў і падтрымаць справядлівае размеркаванне рэсурсаў, Францішак заклікаў інвеставаць “у транспарт і захоўванне”, здольныя дапамагчы “зменшыць страты дробных фермераў, якія вырабляюць траціну спажываных штодня прадуктаў харчавання”. Няхай вашы прапановы і дзеянні, “адлюстроўваюць усеагульныя каштоўнасці справядлівасці, салідарнасці і спагады і будуць арыентаваны на агульнае дабро і працу на карысць міру і сацыяльнага сяброўства”, - пажадаў Папа ў пасланні да кіраўніцтва Міжнароднага фонда сельскагаспадарчага развіцця.