Святы Айцец моліцца за ахвяр пажару ў Валенсіі
Папа моліцца за ахвяр пажару ў шматпавярховым жылым комплексе ў іспанскай Валенсіі. На цяперашні момант вядома пра чатырох загінулых, пятнаццаць параненых і каля дзевятнаццаці зніклых без вестак.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак з увагай сачыў за навінамі пра жудасны пажар, які прывёў да чалавечых ахвяр і прычыніў шкоду ў вялікім памеры. Ён давярае душы загінулых Божай міласэрнасці і запэўнівае ў сваёй духоўнай блізкасці жыхароў Валенсіі і сем’і людзей, якія пацярпелі, молячы Пана, каб даў ім сілы ў гэты час пакут, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме, якую кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін скіраваў на імя арцыбіскупа Валенсіі Энрыке Бенавента Відаля.
Пажар узнік вечарам 22 лютага 2024 года ў кватэры на восьмым паверху 14-павярховага дома ў раёне Кампанар. Ён хутка ахапіў увесь будынак і перакінуўся на суседні.
23 лютага 2024, 16:30