Агучана праграма візіту Святога Айца ў Верону
Дыяцэзія Вероны апублікавала праграму візіту Папы ў гэты італьянскі горад у суботу 18 мая 2024 года. Напярэдадні ўрачыстасці Пяцідзясятніцы Францішак прыме ўдзел у сустрэчы Arena di pace 2024.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Візіт пачнецца сустрэчай Папы з дзецьмі на плошчы святога Зянона. Затым у базіліцы святога Зянона Францішак будзе маліцца і размаўляць са святарамі, дыяканамі і кансэкраванымі асобамі.
Адтуль ён накіруецца на знакамітую веронскую Арэну, каб прыняць удзел у форуме з удзелам прадстаўнікоў асацыяцый рабочых, італьянскіх народных рухаў, старшакласнікаў, студэнтаў, актыўных свецкіх вернікаў і мясцовых арганізацый.
Затым у мясцовай турме Манторыё (Montorio) Папа сустрэнецца са зняволенымі, а затым узначаліць святую Імшу на стадыёне Бэнтэгодзі (Bentegodi).
14 сакавіка 2024, 16:13