Пошук

Карл ІІІ з Папам Францішкам Карл ІІІ з Папам Францішкам  (Vatican Media)

Эксперт: Францішак і Карл III маюць агульную экалагічную канцэпцыю

Выканаўчы дырэктар Ініцыятывы ўстойлівых рынкаў, якую заснаваў кароль Вялікабрытаніі, лічыць, што парадак дня па экалагічных пытаннях Францішка і Карла III супадае.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У 2020 годзе на сусветным эканамічным форуме ў Давосе кароль Карл III, будучы яшчэ прынцам Уэльскім, выступіў з Ініцыятывай устойлівых рынкаў, накіраванай на садзейнічанне ўстойліваму развіццю прыватнага сектара.

Кіраўніца арганізацыі Джэніфер Джордан-Саіфі наведала Ватыкан, дзе правяла афіцыйныя сустрэчы і дала інтэрв’ю Vatican News. Па яе словах, экалагічная канцэпцыя караля Карла III супадае з падыходам Францішка.

Агульнае бачанне

"Мы знаходзімся тут, у Ватыкане, таму што пастулаты Папы вельмі падобныя да поглядаў караля з пункту гледжання клімату і біяразнастайнасці", - патлумачыла Джордан-Саіфі.

Яна падкрэсліла, што дакументы на тэму навакольнага асяроддзя, асабліва Laudato Sì Францішка і Terra Carta Карла III, "вельмі падобныя". Іх асноўная мэта – заклікаць да неадкладных дзеянняў па клімату, падкрэсліўшы, у прыватнасці, фундаментальную ўзаемасувязь прыроды, здароўя і эканомікі.

Яшчэ адным падабенствам у поглядах Папы і караля з'яўляецца іх прыхільнасць міжканфесійнай дзейнасці, адзначыла супрацоўніца Карла III. "Проста выдатна быць тут, у Ватыкане, і разглядаць нашы погляды на вышэйшую мэту ў нашых розных місіях", - сказала яна.

Тэрміновасць дзеянняў

Кароль Карл займаецца пытаннямі аховы навакольнага асяроддзя ўжо больш за 50 гадоў. За гэты час “ён убачыў, наколькі моцна змяніўся свет і наколькі ўсё больш неадкладнай становіцца неабходнасць перамен". Гэта пачуццё неадкладнасці ўзмацнілася ў выніку працы караля на пасадзе старшыні Брытанскай Садружнасці, у склад якой уваходзяць краіны, якія “сапраўды знаходзяцца на перадавой лініі барацьбы са зменай клімату", - заўважыла Джордан-Саіфі.

На пытанне аб тым, што павінен ведаць кожны чалавек пра ўстойлівае развіццё, эксперт адказала, што неабходнасць заняць устойлівую пазіцыю “ў кожным аспекце нашага жыцця”. Устойлівасць павінна стаць чымсьці, што разумеецца само сабой.

Вельмі важна, каб усе прымалі максімальна экалагічныя рашэнні, ад дзіцяці, якое вырашае, куды выкінуць смецце, да генеральнага дырэктара кампаніі, які сочыць за тым, каб ланцугі паставак былі ўстойлівымі”, - сказала супрацоўніца Карла III.

Terra Carta (Хартыя Зямлі)

У 2021 годзе кароль Карл прадставіў Terra Carta (Хартыю Зямлі), заклікаючы "паставіць устойлівае развіццё ў цэнтр прыватнага сектара". "За мінулае стагоддзе чалавецтва дасягнула неверагоднага прагрэсу, аднак коштам велізарных разбурэнняў планеты. Мы проста не можам працягваць гэты курс бясконца", - напісаў ён у прадмове.

Гэтыя словы нагадваюць уступныя радкі энцыклікі Францішка Laudato Sì: “Гэтая сястра (Зямля) пратэстуе супраць шкоды, якую мы прычыняем ёй. (...) Мы забываем, што самі паходзім з зямнога пылу. Нашае ўласнае цела пабудавана з элементаў нашай планеты, яе паветра дазваляе нам дыхаць, а яе вада ажыўляе і аднаўляе нас”.

Джэніфер Джордан-Саіфі падчас інтэрв'ю Vatican News
Джэніфер Джордан-Саіфі падчас інтэрв'ю Vatican News
18 сакавіка 2024, 11:46