Францішак на літургіі Пальмовай нядзелі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святую Імшу пры алтары цэлебраваў прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, кардынал Клаўдыё Гуджэроці з дэканам і віцэ-дэканам Калегіі кардыналаў, кардыналамі Джавані Батыста Рэ і Леанарда Сандры. Падчас Літургіі Слова спявалася апісанне мукі і смерці Езуса Хрыста з Евангелля паводле святога Марка. Папа не прамовіў гамілію.
Пасля некалькіх хвілін маўчання прагучала Вызнанне веры. Адзін з заклікаў Малітвы вернікаў гучаў так: “За мужчын і жанчын, якія пакутуюць, перажываюць адзіноту і пакінутасць, каб яны адчувалі блізкасць Слугі Пана, Які дае суцяшэнне і надзею ў кожнай бядзе”. Іншыя просьбы гучалі на кітайскай, французскай, нямецкай мовах, а таксама на заходнеафрыканскай мове ёруба.
Пасля святой Камуніі Пантыфік папрасіў аб малітве за ахвяр тэракту ў Маскве і аб навяртанні яго выканаўцаў і заказчыкаў. “Запэўніваю вас у сваіх малітвах за ахвяр баязлівага тэрарыстычнага акту, здзейсненага пазаўчора ўвечары ў Маскве. Няхай Пан прыме іх у сваім супакоі і суцешыць іх сем'і, і няхай ён наверне сэрцы тых, хто плануе, арганізуе і здзяйсняе гэтыя бесчалавечныя акты, што абражаюць Бога, Які наказаў: "Не забівай" (Вых 20,13)”, - звярнуўся Папа.
Ён заклікаў вернікаў прысвяціць сябе Хрысту. “Дарагія браты і сёстры, Езус увайшоў у Ерузалем як сціплы і мірны кароль. Адкрыем жа нашыя сэрцы Яму. Толькі Ён можа вызваліць нас ад варожасці, нянавісці і насілля, бо Ён ёсць міласэрнасць і прабачэнне грахоў. Памолімся за ўсіх нашых братоў і сясцёр, якія пакутуюць з прычыны вайны. Я маю на ўвазе, у прыватнасці, змучаную Украіну, дзе так шмат людзей застаецца без электрычнасці з прычыны інтэнсіўных нападаў на інфраструктуру, якія не толькі выклікаюць смерць і пакуты, але і нясуць рызыку яшчэ большай гуманітарнай катастрофы. Калі ласка, не забывайся пра пакутную Украіну”, - сказаў Пантыфік. Ён нагадаў пра “Газу, якая так моцна пакутуе” і ўсе месцы, дзе працягваюцца войны.
Святы Айцец, як прызнаўся ён сам, моліцца за калумбійскую Супольнасць міру ў Сан-Хасэ-дэ-Апартада, дзе некалькі дзён таму былі забітыя жанчына і хлопец, жонка і брат аднаго з лідараў супольнасці, які, як нагадаў Францішак, “у 2018 годзе быў узнагароджаны як прыклад прыхільнасці салідарнай эканоміцы, міру і правам чалавека".
Папа таксама прывітаў жыхароў Сан-Рэма, якія па традыцыі ахвяравалі пальмавыя галінкі для ватыканскай літургіі.
Пасля благаслаўлення Францішак сеў у адкрыты аўтамабіль і праехаў сярод вернікаў, сабраных на плошчы святога Пятра, вітаючы і благаслаўляючы іх.