Францішак сустрэўся з нігерыйскай каталіцкай супольнасцю Рыма
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак пачаў з удзячнасці сваім гасцям за “сведчанне радаснага паслання Евангелля”. “Я таксама далучаюся да вас у падзяцы Усемагутнаму Богу за многіх маладых нігерыйцаў, якія пачулі пакліканне Пана да святарства і кансэкраванага жыцця і адказалі на яго з велікадушнасцю, пакорай і настойлівасцю”, - звярнуўся ён.
Паводле пераканання Пантыфіка, разнастайнасць этнічных груп, культурных традыцый і моў “з’яўляецца не праблемай, а дарам, які ўзбагачае тканіну Касцёла і ўсяго грамадства, а таксама дазваляе нам прасоўваць каштоўнасці ўзаемаразумення і суіснавання”.
Ён з жалем заўважыў, што, на жаль, многія рэгіёны свету перажываюць канфлікты і пакуты, і ў Нігерыі таксама цяжкія часы. “Запэўніваючы вас у маіх малітвах за бяспеку, еднасць і духоўны і эканамічны прагрэс вашай краіны, я запрашаю ўсіх развіваць дыялог і слухаць адно аднаго з адкрытым сэрцам, не выключаючы нікога на палітычным, грамадскім і рэлігійным узроўнях”, - сказаў Францішак.