Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: дробныя земляробы спрыяюць прагрэсу чалавецтва

Дробныя фермерскія гаспадаркі адыгрываюць вырашальную ролю ў эфектыўнасці, устойлівасці і інклюзіўнасці аграхарчовых сістэм, пры гэтым яны абцяжараныя беднасцю і адсутнасцю магчымасцяў, гаворыцца ў папскім пасланні да ўдзельнікаў 8-й Глабальнай канферэнцыі Сусветнага сельскага форума.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мерапрыемства праходзіць у Іспаніі з 19 па 21 сакавіка 2024 года. Асноўная ўвага яго ўдзельнікаў надаецца тэме сямейнага фермерства і ўстойлівасці нашай планеты, а таксама агульным намаганням па выкараненні голаду, скарачэнню няроўнасці і рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў. У форуме прымаюць удзел дробныя фермеры з пяці кантынентаў, прадстаўнікі ўрадаў, міжнародных арганізацый, навукова-даследчых цэнтраў, фондаў, спажывецкіх арганізацый, а таксама сельскія жанчыны і моладзь.

У сваім пасланні Папа падзякаваў дробным фермерам “за паважлівы і асцярожны падыход да апрацоўкі зямлі". На жаль, нягледзячы на вядучую ролю дробных фермерскіх гаспадарак у грамадскім прагрэсе і іх значны ўклад у вытворчасць харчавання, яны “па-ранейшаму пакутуюць ад беднасці і недахопу магчымасцяў".

На яго думку, сямейная гаспадарка – гэта не толькі бізнес, але і “месца, дзе людзі належаць адзін аднаму, дзе яны адчуваюць, што іх разумеюць і цэняць за іх годнасць, а не толькі за тое, што яны вырабляюць, або за вынікі, якіх яны дасягаюць". Святы Айцец падкрэсліў "важнасць умацавання повязяў, якія аб'ядноўваюць людзей, павагі іх рэлігійных традыцый, культурнай спадчыны і метадаў вядзення сельскай гаспадаркі".

Папа таксама звярнуў увагу на важную ролю жанчын у гэтай галіне, назваўшы іх “рухавікамі прагрэсу”: "Сельскія жанчыны ўяўляюць сабой надзейны компас для сваіх сем'яў, трывалую кропку апоры для прагрэсу эканомікі, асабліва ў краінах, якія развіваюцца.

Францішак падкрэсліў ключавую ролю моладзі ў сельскай гаспадарцы. "Сапраўдная рэвалюцыя для будучыні сельскай гаспадаркі пачынаецца з фарміравання і пашырэння правоў і магчымасцяў новых пакаленняў", - сказаў ён, дадаючы, што моладзь валодае “дарам інавацыйных рашэнняў старых праблем і смеласцю не залежаць ад блізарукага мыслення, якое супраціўляецца пераменам".

19 сакавіка 2024, 16:28