Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Францішак выказаў блізкасць да жыхароў горада Расарыа

Папа звярнуўся з відэапасланнем да жыхароў аргенцінскага горада Расарыа, які сутыкнуўся з насіллем наркагандляроў. Ён заклікаў сацыяльныя, грамадскія і рэлігійныя інстытуты Расарыа аб'яднацца і пераадолець страх, які ізалюе і паралізуе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Шчаслівыя міратворцы” (Мц 5, 9), - гэтымі евангельскімі словамі распачаў Францішак свой зварот да жыхароў Расарыа. Ён адзначыў, што ў час крызісу прысутнасць службаў бяспекі неабходная, каб вярнуць у горад спакой. Аднак на шляху да міру неабходна таксама ўмацаваць супольнасць. Кожнае грамадства валодае інструментамі для захавання сваёй цэласнасці і клопату пра жыццё самых слабых. Усе людзі добрай волі павінны дзейнічаць дзеля таго, каб зрабіць Расарыа братэрскім.

На думку Папы, сітуацыя, у якой апынуўся горад, была б немагчымай без саўдзелу палітычных, судовых, эканамічных, фінансавых і паліцэйскіх уладаў. Маўчанне дзяржавы робіць натуральным распаўсюджванне ўжывання наркотыкаў і іх камерцыялізацыю. Трэба пераасэнсаваць палітыку, якая з’яўляецца “вельмі ўзнёслым пакліканнем, адной з самых каштоўных формаў любові, бо імкнецца да агульнага дабра" (Fratelli tutti, 180), - нагадаў Пантыфік.

Неабходна, каб дэмакратычная сістэма спрыяла незалежнасці правасуддзя, каб яно было здольнае даследаваць карупцыю і адмыванне грошай, якія спрыяюць гандлю наркотыкамі. Францішак падзякаваў усім прадстаўнікам судовай улады, якія падвяргаюць сваё жыццё рызыцы дзеля агульнага дабра ў бесчалавечным кантэксце.

Святы Айцец нагадаў пра ролю прыватнага сектара, задача якога – не толькі адмаўляцца ад супрацоўніцтва з мафіёзнымі арганізацыямі, але і ўдзельнічаць у сацыяльнай абароне насельніцтва. Нават у багатых прыватных кварталах існуе небяспека спажывання наркотыкаў дзецьмі, папярэдзіў Папа, заклікаючы прадпрымальнікаў да творчасці і інавацыйнай дзейнасці ў барацьбе з наркотыкамі.

Пантыфік заклікаў дзяржаву і інстытуты прыкласці намаганні па дапамозе бедным і ўразлівым, якіх мафія выкарыстоўвае ў якасці аднаразовага матэрыялу. Папа заахвоціў іх стварыць умовы для цэласнага развіцця дзяцей, падлеткаў і моладзі, каб гарантаваць ім будучыню, лепшую за тую, што была ў іх бацькоў, бабуль і дзядуляў.

Усе сацыяльныя, грамадскія і рэлігійныя інстытуты Расарыа павінны аб'яднацца і пераадолець страх, які заўсёды ізалюе, паралізуе. Касцёл, як маці і самаранка, закліканы духоўна суправаджаць сем'і ахвяр насілля, хворых, тых, хто пакутуе ад залежнасцяў, тых, хто ў турме, тых, хто жыве ў сітуацыях крайняй уразлівасці. Касцёл – гэта супольнасць, дзе кожны можа адчуваць сябе любімым. Для многіх уразлівых дзяцей, падлеткаў і маладых людзей гэта можа быць адзіным сямейным досведам любові і міласэрнасці, - сказаў Святы Айцец, запэўніваючы жыхароў Расарыа ў сваёй блізкасці.

26 сакавіка 2024, 12:59