Пошук

Ксёндз Джузэпэ Дыяна Ксёндз Джузэпэ Дыяна 

Пантыфік пра забітага мафіяй святара: адважны вучань Пана

30 гадоў таму ў Італіі быў забіты мафіяй ксёндз Джузэпэ Дыяна, парафіяльны святар у Казаль-дзі-Прынчыпі. Папа Францішак звярнуўся з пасланнем у памяць пра трагічную падзею, якая адбылася 19 сакавіка 1994 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Звяртаючыся да дыяцэзіяльнай супольнасці і вернікаў Казаль-дзі-Прынчыпі, Папа падзякаваў Богу за тое, што ахвяраваў Касцёлу "добрага і вернага слугу", дона Пэпэ, як яго называлі ў парафіі. Францішак выказаў удзячнасць тым, хто працягвае пастырскую працу ксяндза Дыяны, асабліва сярод моладзі.

У дзень забойства святара паўтарылася сумная евангельская гісторыя Каіна і Авеля, якая і сёння “захоўвае сваю актуальнасць” у шматлікіх формах нянавісці і насілля, якія “прычыняюць чалавеку боль, а часам заліваюць крывёю вуліцы кварталаў і гарадоў”. Ахвяра ксяндза Дыяны заахвочвае нас сведчыць пра “Божую задуму аб тым, каб кожны мог жыць у справядлівасці, міры і свабодзе”, - нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік назваў забітага святара “адважным вучнем Пана” і заклікаў умацоўваць веру і надзею на Божую ісціну, вітаць Яго Слова і імкнуцца будаваць грамадства, ачышчанае ад ценяў граху, здольнае адважыцца на будучыню братэрства і згоды.

Звяртаючыся да моладзі, Папа заклікаў не дазваляць скрасці ў яе надзею, культываваць высокія ідэалы і будаваць сваю будучыню не рукамі, запэцканымі крывёю, а сумленнай працай, не паддавацца ілюзорным кампрамісам, а стаць рамеснікамі міру.

19 сакавіка 2024, 12:51