Папа: дапамога ўразлівым людзям павінна быць ладам жыцця
Марыя Валодзіна – Vatican News
У сувязі з прастудай Папы прамову прачытаў мансеньёр Філіпа Чампанэлі, супрацоўнік Дзяржсакрытарыяту.
Курсы праводзяцца ў адукацыйным доме супольнасці ў мястэчку Сакрафана бліз Рыма. На думку Францішка, “гэта правільнае месца, не толькі таму, што гэты дом вялікі і абсталяваны, але і таму што ён гасцінны! Гэта месца, дзе прымаюць пажылых людзей, сем'і, падлеткаў, мігрантаў”. Займаюцца гэтым сёстры з супольнасці Fraterna Domus, яны ж праводзяць навучальныя курсы па гасціннасці. Папа падзякаваў ім за ініцыятыву, назваўшы праграму курсаў “вельмі насычанай і цікавай”. Цэнтральная тэма навучальнага цыкла – уразлівасць. Пантыфік назваў выбар тэмы евангельскім і прапанаваў гасцям некалькі пунктаў для разважання.
“Па-першае, каб гасцінна прымаць уразлівых братоў і сясцёр, трэба адчуваць сябе ўразлівым і прынятым Хрыстом. Ён заўсёды папярэднічае нам, Ён стаў уразлівым у сваёй Муцы, прыняў нашу слабасць, для таго, каб, дзякуючы Яму, мы таксама маглі зрабіць тое ж самае”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы словы апостала Паўла: "Прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас." (Рым 15, 7).
“Па-другое, большая частка служэння Езуса, асабліва ў Галілеі, прайшла ў кантакце з беднымі і хворымі. Гэта гаворыць аб тым, што для нас дапамога ўразлівым не можа быць пытаннем паліткарэктнасці ці добрай практыкай”, - папярэдзіў Святы Айцец, заахвочваючы гасцей заставацца прывязанымі да Евангелля, да Езуса, які вучыў апосталаў не планаванню дапамогі хворым і бедным, а ладу жыцця ў кантакце з уразлівымі людзьмі, сярод іх. “Вучні бачылі, як Ён сустракаў людзей, бачылі, як Ён прымаў іх з блізкасцю, спачуваннем, пяшчотай. Пасля Ўваскрасення Святы Дух захаваў у іх гэты лад жыцця”, - зазначыў Папа, нагадваючы пра святых, якія “з'яўляюцца ўзорамі для пераймання для ўсіх нас”.
“Нарэшце, у Евангеллі бедныя і ўразлівыя – не аб'екты, а суб'екты, разам з Езусам яны – галоўныя героі абвяшчэння Валадарства Божага”, - сказаў Францішак, запрашаючы гасцей перачытаць сімвалічны евангельскі аповяд пра сляпога жабрака Бартымэя з Ерыхона (МК 10, 46-52), якому Езус вярнуў зрок за яго веру. У Евангеллі ёсць яшчэ шмат іншых гісторый пра “розныя віды ўразлівасці, не толькі фізічную”, - удакладніў Папа, нагадваючы пра Марыю Магдалену, апантаную сямю дэманамі, якая стала першай сведкай Уваскрасення. “Уразлівыя людзі, сустрэтыя і прынятыя ў ласцы Божай і ў Яго стылі, могуць стаць евангельскай прысутнасцю ў супольнасці вернікаў і ў грамадстве”, - падагульніў сваю прамову Святы Айцец.