Пошук

Пантыфік: ачысціць сэрцы, каб хадзіць у абноўленым жыцці

8 сакавіка 2024 года Францішак прыняў удзел у велікапоснай ініцыятыве 24 гадзіны для Пана, наведаўшы рымскую парафію святога Пія V, дзе ён паспавядаў вернікаў і ўзначаліў святую Імшу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Агульнакасцёльнае мерапрыемства прадугледжвае 24-гадзінную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў спалучэнні з магчымасцю споведзі. Дзверы некаторых касцёлаў не будуць зачыняцца нават уначы з 8 на 9 сакавіка. Дэвізам сёлетняй акцыі, якая праводзіцца ў адзінаццаты раз, сталі словы з Паслання да Рымлянаў: “Хадзіць у абноўленым жыцці” (Рым 6, 4).

У сваёй гаміліі Папа запытаў, што значыць абноўленае жыццё, пра якое піша апостал Павел. Гэта жыццё, якое нараджаецца пасля хросту і “назаўжды робіць нас дзецьмі Божымі, дзецьмі Ўваскрасення, прызначанымі для вечнага жыцця”, - патлумачыў ён.

Святы Павел ужывае ў сувязі з гэтым новым жыццём дзеяслоў хадзіць. Такім чынам, абноўленае жыццё – гэта шлях. Пакуль мы пагружаныя ў паўсядзённы рытм, рэчы, паведамленні, стымулы, гэта новае жыццё, як вуголле пад попелам, чакае, каб успыхнуць і асвятліць нас, адзначыў Святы Айцец.

Гэты попел, аднак, затуманьвае твар Бога, заплямлівае абліччы братоў, размывае веліч, якую мы нясем у сабе. Шлях абноўленага жыцця – гэта шлях Божага прабачэння, якое ачышчае нашы сэрцы, пазбаўляе іх ад зла, - сказаў Папа, нагадваючы евангельскія словы пракажонага: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць” (Мк 1, 40).

Божае прабачэнне ачышчае нас, робіць нас абноўленымі, вольнымі, лёгкімі і шчаслівымі падарожнікамі, а не прыпаркаванымі на дарогах жыцця, - адзначыў Францішак, заахвочваючы вернікаў не адкладваць сустрэчу з Божым прабачэннем.

Сакрамэнт пакаяння – аснова хрысціянскага існавання. Справа не ў тым, каб правільна назваць грахі, а ў тым, каб прызнаць сябе грэшнікамі і кінуцца ў абдымкі ўкрыжаванага Езуса, - нагадаў Францішак, заклікаючы святароў заўсёды дараваць прабачэнне тым, хто просіць аб ім.

Напрыканцы гаміліі Папа маліўся Пану, каб ачысціў нас ад грахоў, якія заплямілі нашы душы: ад думкі, што Ён нам не патрэбны, ад крывадушнасці, ад адкладвання малітвы, ад суіснавання са злом, з несумленнасцю, з хлуснёй, ад асуджэння іншых, ад пагарды, ад абвінавачвання ўсіх і ўсяго, ад таго, што не робім дабра. “Абнаві мяне, і я зноў буду хадзіць у абноўленым жыцці”, - завяршыў сваю гамілію Францішак.

08 сакавіка 2024, 18:30