Пошук

Папа да карэнных народаў і навукоўцаў: расці ва ўзаемным слуханні

Выкарыстоўваць спадчыну карэнных народаў і навуковыя даследаванні для пераадолення канфліктаў, беднасці і іншых неадкладных праблем сучаснасці заклікаў Пантыфік прадстаўнікоў карэнных народаў і навукі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

14 сакавіка 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў семінара Веды карэнных народаў і навука. Аб'яднанне ведаў і навукі аб уразлівасці і рашэнні для павышэння жыццястойкасці, арганізаванага Папскай акадэміяй навук і Папскай акадэміяй сацыяльных навук. У сувязі з прастудай Святога Айца тэкст прамовы прачытаў супрацоўнік Дзяржаўнага сакратарыяту мансеньёр П’ерлуіджы Джыролі.

Мэта семінара – аб'яднаць веды карэнных народаў і навукоўцаў для пошуку рашэнняў такіх неадкладных праблем сучаснасці, як змена клімату, страта біяразнастайнасці, пагрозы харчовым сістэмам і здароўю насельніцтва. На думку Папы, семінар уяўляе сабой магчымасць "расці ў слуханні адзін аднаго”: у слуханні карэнных народаў з іх мудрасцю і ладам жыцця, і ў слуханні навукоўцаў і даследчыкаў. Акрамя таго, семінар служыць заклікам да ўрадаў і міжнародных арганізацый прызнаваць і паважаць багатую разнастайнасць вялікай чалавечай сям'і, абараняць розныя культуры, традыцыі, духоўнасць і мовы, заахвочваць чалавечае братэрства, справядлівасць і мір.

Спадчына карэнных народаў і веды навукоўцаў “павінны выкарыстоўвацца ў якасці сродку негвалтоўнага пераадолення канфліктаў і барацьбы з беднасцю і новымі формамі рабства”.

“Бог зрабіў нас захавальнікамі, а не гаспадарамі планеты. Усе мы пакліканы да экалагічнага навяртання (пар. Laudato Sì, 216-221), імкнення захоўваць наш агульны дом і ўмацоўваць салідарнасць паміж пакаленнямі, каб абараніць жыццё будучых пакаленняў, замест таго, каб марна растрачваць рэсурсы і павялічваць няроўнасць, эксплуатацыю і разбурэнне”, - нагадаў Святы Айцец.

Напрыканцы прамовы Пантыфік запэўніў карэнныя супольнасці і навукоўцаў у падтрымцы Касцёла, а таксама заклікаў іх працягваць супрацоўніцтва дзеля ісціны, свабоды, дыялогу, справядлівасці і міру.

14 сакавіка 2024, 11:20