Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Харкаве ва Украіне Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Харкаве ва Украіне 

Папа: даверым святому Юзафу народы, якія пакутуюць ад вайны

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 20 сакавіка 2024 года ў Ватыкане, Папа даверыў святому Юзафу народы, якія пакутуюць ад вайны, і заахвоціў быць абаронцамі жыцця на ўсіх яго этапах.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Учора мы адзначалі ўрачыстасць святога Юзафа, апекуна Паўсюднага Касцёла. Разам з вамі я хацеў бы зноў даверыць яго апецы Касцёл і ўвесь свет, асабліва ўсіх бацькаў, якія маюць у ім надзвычайны ўзор для пераймання”, - сказаў Францішак, вітаючы моладзь, хворых, пажылых людзей і маладажонаў, прысутных на ватыканскай плошчы.

“Святому Юзафу мы таксама давяраем народы змучанай Украіны і Святой Зямлі – Палесціны і Ізраіля, якія шмат пакутуюць ад жаху вайны. Давайце ніколі не будзем забываць: вайна – гэта заўсёды параза! З вайной немагчыма ісці наперад. Мы павінны прыкласці ўсе намаганні для перамоў з мэтай заканчэння вайны. Будзем маліцца за гэта”, - заклікаў Папа.

Вітаючы пілігрымаў з Польшчы, Пантыфік спаслаўся на Дзень абароны жыцця, які штогадова адзначаецца ў гэтай краіне 24 сакавіка, напярэдадні ўрачыстасці Звеставання Пана.

“Думаючы пра вашу радзіму, я хачу падзяліцца з вамі марай, якую я выказаў некалькі гадоў таму, калі пісаў пра Еўропу. Няхай Польшча будзе краінай-абаронцай жыцця ў кожны яго момант – ад зачацця ва ўлонні маці да натуральнага завяршэння. Не забывайце, што ніхто не з’яўляецца ўладаром жыцця, ні свайго, ні іншых”, - падкрэсліў Папа.
 

20 сакавіка 2024, 10:33