Пошук

Папа святарам: не ўспрымайце жыццё ў перспектыве мэтазгоднасці

Францішак заахвоціў святароў нанава адкрыць патрэбу ў адарацыі і бескарыслівай, спакойнай малітве сэрца. У Вялікі чацвер 28 сакавіка 2024 года ў базіліцы святога Пятра ён узначаліў Імшу Хрызма.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пачатку гаміліі Папа спаслаўся на фрагмент Евангелля святога Лукі са словамі: “Вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваны на Яго”, калі Езус выкрыў ілжывыя чаканні сваіх суайчыннікаў, а яны разгневаліся і выгналі Яго з горада.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ў Вялікі чацвер адбываецца альтэрнатыўнае скрыжаванне позіркаў, дзе галоўным героем з’яўляецца першы пастыр Касцёла Пётр, які пасля позірку Хрыста ўспомніў Яго словы пра трохразовае адрачэнне. “Яго вочы наліліся слязамі, якія цяклі з параненага сэрца, вызваляючы яго ад ілжывых перакананняў і апраўданняў. Гэты горкі плач змяніў яго жыццё”, - заўважыў Пантыфік.

“Аздараўленне сэрца пастыра адбываецца тады, калі ён, паранены і раскаяны, дазваляе Езусу прабачыць сябе”

Францішак адзначыў, што словы і жэсты Езуса на працягу многіх гадоў не пазбавілі Пятра яго чаканняў, падобных да чаканняў жыхароў Назарэта: ён таксама чакаў Месію палітычнага і магутнага, моцнага і рашучага, а сутыкнуўшыся са скандалам, звязаным са слабым Езусам, арыштаваным без супраціву, ён заявіў: "Я не ведаю яго!" “І праўда, ён не пазнаў Яго: ён пачаў пазнаваць Яго, калі ў цемры адмаўлення вызваліў месца для слёз сораму і шчырага шкадавання”, - звярнуў увагу Папа.

Звяртаючыся да святароў, ён падкрэсліў, што аздараўленне сэрца пастыра адбываецца тады, калі ён, паранены і раскаяны, дазваляе Езусу прабачыць сябе: гэта адбываецца праз слёзы, горкі плач, боль, што дазваляе нанава адкрыць любоў.

Папа ўказаў на правільнае разуменне таго, што значыць плакаць па сабе – і гэта не шкадаванне сябе з думкай, што не атрымалі таго, чаго заслужылі, або разважанне пра крыўды, якія нам нанеслі. Гаворка ідзе пра разуменне таго, што мы засмуцілі Бога грахом, пра прызнанне таго, што мы заўсёды даўжнікі і ніколі не крэдыторы, што мы сышлі з шляху да святасці, не захоўваючы веры ў любоў Таго, Хто аддаў сваё жыццё за нас.

 

“Пакаянне з’яўляецца лекам ад склеракардыі – чэрствасці сэрца, якую так асуджаў Езус”

“Гэта значыць зазірнуць у сябе і аплакаць сваю няўдзячнасць і зменлівасць; гэта значыць са смуткам разважаць аб сваёй двудушнасці і хлусні; гэта значыць спусціцца ў глыбіні меандраў сваёй крывадушнасці. Адтуль мы можам зноў глядзець на Укрыжаванага і пранікнуцца Яго любоўю, якая заўсёды прабачае і ўзвышае, якая ніколі не падманвае чаканняў тых, хто давярае Яму. Такім чынам слёзы працягваюць цячы і ачышчаць сэрца”, - патлумачыў Францішак.

Ён падкрэсліў, што пакаянне патрабуе сапраўдных намаганняў, але яно вяртае спакой; не выклікае пакут, вызваляе душу ад цяжару, таму што ўздзейнічае на рану граху, дазваляючы нам атрымаць пяшчоту нябеснага лекара, які перамяняе сэрца, калі яно “пакорнае і скрушнае”, змякчанае слязамі.

Папа звярнуў увагу на тое, што пакаянне з’яўляецца лекам ад склеракардыі – чэрствасці сэрца, якую так асуджаў Езус. “Сэрца без пакаяння і слёз цвярдзее: спачатку прывыкае да ўласных звычак, потым становіцца нецярплівым да праблем і абыякавым да людзей, потым халодным і амаль нерухомым, нібы акружаным непарушнай абалонкай, і, нарэшце, становіцца каменным”, - патлумачыў Святы Айцец. “Але як кропля расколвае камень, так слёзы павольна ўздзейнічаюць на цвёрдыя сэрцы. У выніку мы становімся сведкамі цуду смутку, які вядзе да лагоднасці”, - дадаў ён.

“Дзякуючы Божай ласцы чалавек становіцца цвёрдым да сябе і міласэрным да іншых”

Пантыфік нагадаў аб тым, што ў духоўным жыцці важна стаць падобным да дзіцяці: той, хто не плача, старэе ўнутрана, а той, хто рэалізуе больш простую і інтымную малітву, якая характарызуецца любоўю і эмоцыямі ў адносінах да Бога, сталее. “Той, хто каецца ў сваім сэрцы, усё больш і больш адчувае сябе братам усіх грэшнікаў свету, без фасада перавагі або суровасці меркаванняў, з жаданнем любіць і загладзіць віну”, - сказаў ён.

Францішак звярнуў увагу на яшчэ адну рысу пакаяння – салідарнасць. Раскаяны чалавек “натуральным чынам схіляецца да пакаяння за іншых: замест таго, каб гневацца і абурацца з прычыны зла, учыненага братамі, ён плача з прычыны іх грахоў”. Адбываецца своеасаблівая рэверсія, пры якой натуральная тэндэнцыя быць паблажлівым да сябе і няўхільным да іншых адмяняецца, і дзякуючы Божай ласцы чалавек становіцца цвёрдым да сябе і міласэрным да іншых.

“Калі горыч і пакаянне звернутыя не да свету, а да ўласнага сэрца, Бог не праміне дапамагчы нам”

Папа нагадаў, што Пан патрабуе ад сваіх пастыраў не пагардлівага асуджэння, але любові і слёз у адносінах да тых, хто не верыць. На яго думку, “цяжкія сітуацыі, якія мы бачым і перажываем, недахоп веры, пакуты, якія мы сустракаем, у кантакце са скрушаным сэрцам, выклікаюць не рашучасць у палеміцы, але стойкасць у міласэрнасці”. Святарам варта быць “свабоднымі ад строгасці і абвінавачванняў, ад эгаізму і славалюбства, ад рыгарызму і незадаволенасці”, варта “даверыць сябе Богу і спадзявацца на Яго”.

Ён звярнуў увагу на тое, што “сёння ў секулярным грамадстве мы рызыкуем быць вельмі актыўнымі і адначасова адчуваць сябе бяссільнымі, у выніку чаго можам страціць энтузіязм і паддацца спакусе “здацца”, замкнуцца ў скаргах і зрабіць так, каб веліч праблем пераважыла веліч Бога”. Але калі горыч і пакаянне звернутыя не да свету, а да ўласнага сэрца, Бог не праміне дапамагчы нам.

Францішак папрасіў святароў успрымаць сваё жыццё і пакліканне не ў перспектыве эфектыўнасці і мэтазгоднасці, звязанай толькі з сённяшнім днём і яго надзённымі патрэбамі і чаканнямі, але глядзець на яго ў ракурсе ўсяго мінулага і будучыні.

“Дзякуй вам, дарагія святары, за вашы адкрытыя і паслухмяныя сэрцы; дзякуй за вашы намаганні і слёзы; дзякуй за тое, што несяце цуд Божай Міласэрнасці братам і сёстрам нашага часу. Няхай Пан суцешыць вас, умацуе і ўзнагародзіць”, - сказаў Папа, завяршаючы гамілію.
 

28 сакавіка 2024, 12:31