Пошук

Банер VI Бразільскага сацыяльнага тыдня Банер VI Бразільскага сацыяльнага тыдня 

Пантыфік: убачыць аблічча Езуса ў тых, хто жыве ў галечы

Будаваць больш справядлівае грамадства, у якім жывуць усеагульнае братэрства і сацыяльнае сяброўства, - заклікаў Папа ўдзельнікаў VI Бразільскага сацыяльнага тыдня, які з 20 па 22 сакавіка 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Давайце пастараемся ўбачыць у тых, хто з прычыны сацыяльнай несправядлівасці вымушаны жыць у галечы, аблічча Езуса, які заклікае нас не заставацца раўнадушнымі, бо, як Ён сам сказаў: “Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне” (Мц 25,45)”, - напісаў Францішак.

Канферэнцыя біскупаў Бразіліі праводзіць Сацыяльныя тыдні з 1991 года. Святы Айцец адзначыў важнасць гэтай ініцыятывы і запэўніў у сваёй малітве аб яе паспяховых і плённых выніках.

“Бразільскі Сацыяльны тыдзень прапануецца як шлях “Касцёла, які вырушае ў дарогу”, адданага разбурэнню муроў адчужэння і абыякавасці, падтрымцы самых бедных і пазбаўленых фундаментальных правоў у іх барацьбе за зямлю, жыллё і працу”, - падкрэсліў Папа, са шкадаваннем заўважаючы, што гэтыя базавыя патрэбы чалавека яшчэ застаюцца недасягальнай марай для многіх людзей у Бразіліі.

Пантыфік высока ацаніў той факт, што ініцыятыва “прапануе новую эканоміку з большай салідарнасцю і адраджэнне дэмакратычных каштоўнасцей, якія дапамагаюць пабудаваць грамадства, у якім народ прымае сапраўдны ўдзел у працэсах прыняцця рашэнняў у краіне”. Ён выказаў падзяку маладым бразільскім католікам за ўдзел у вырашэнні сацыяльных праблем і канкрэтную дапамогу бедным сем’ям.
 

21 сакавіка 2024, 08:51