Папа зацвердзіў новыя статут і рэгламент базілікі Санта-Марыя-Маджорэ
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла 20 сакавіка 2024 года Зала Друку Святога Пасада, Папа Францішак прызначыў дапаможным архіпрэзбітэрам базілікі Санта-Марыя-Маджорэ арцыбіскупа Раландаса Макрыцкаса, былога надзвычайнага камісара базілікі.
Пантыфік надаў арцыбіскупу Макрыцкасу паўнамоцтвы, неабходныя для звычайнага і надзвычайнага адміністрацыйнага кіравання, а таксама шэраг іншых абавязкаў да стварэння новага адміністрацыйнага савета. Канонікі базілікі былі вызваленыя ад усіх эканамічных і адміністрацыйных абавязкаў, каб “яны маглі цалкам прысвяціць сябе духоўнаму і пастырскаму суправаджэнню вернікаў”.
Папа зацвердзіў новыя статут і рэгламент капітулы канонікаў базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, якія прадугледжваюць, сярод іншага, стварэнне адміністрацыйнага савета і новых фігур, такіх як дэлегат па адміністрацыйных пытаннях і дэлегат па душпастырскіх пытаннях. Да прызначэння адпаведных асоб гэтыя абавязкі будзе выконваць арцыбіскуп Макрыцкас.
У склад адміністрацыйнага савета ўвойдуць два дэлегата, архіпрэзбітэр, прадстаўнік Губернатарату Дзяржавы Ватыкан і прадстаўнік Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA). Яны прызначаюцца на пяцігадовы тэрмін з магчымасцю абнаўлення.
Сярод іншых новаўвядзенняў статута вызначаецца, што канонікі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, атрымліваюць статус ганаровых. Дакумент рэгулюе таксама пытанні, якія тычацца іх далейшай дзейнасці.
Нарэшце, згодна з новымі палажэннямі, дырыжор музычнай капэлы павінен валодаць пэўнай вядомасцю. Тэрмін дзеяння яго кантракту складзе пяць гадоў.