Візіт Папы ў Венецыю: сустрэчы з вязнямі, моладдзю і мастакамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Зала Друку Святога Пасада апублікавала праграму пастырскага візіту Святога Айца ў горад на вадзе. Папа вылеціць у Венецыю ў 6.30 гадзін раніцы верталётам, які ў 8.00 прызямліцца на тэрыторыі турэмнага комплексу на востраве Джудэка. Ва ўнутраным двары вязніцы пройдзе яго сустрэча са зняволенымі жанчынамі, да якіх ён звернецца з прамовай. На сустрэчы будуць прысутнічаць таксама адміністрацыйны персанал, супрацоўнікі пенітэнцыярнай паліцыі і валанцёры. Напрыканцы прамовы Папа асабіста прывітае ўсіх зняволеных, колькасць якіх складзе каля 80 чалавек.
Затым у 9 гадзін раніцы ў турэмнай капліцы Марыі Магдалены адбудзецца наступная сустрэча Папы: з мастакамі, якія ўдзельнічаюць у 60-й Міжнароднай выставе мастацтваў. Павільён Святога Пасада на сёлетнім біенале прысвечаны тэме правоў чалавека. Плануецца, што падчас гэтай сустрэчы Пантыфік звернецца да мастакоў і ўладаў з прамовай і асабіста прывітае іх.
Затым у 9.30 гадзін Святы Айцец пакіне востраў Джудэка і на борце патрульнага катэра адправіцца ў базіліку Санта-Марыя-дэла-Салютэ, дзе на плошчы перад храмам запланавана сустрэча з моладдзю Венецыі і дыяцэзіі Венета. Францішак звернецца да іх з прамовай, а затым у суправаджэнні юнакоў і дзяўчат па мосту дасягне плошчы святога Марка, дзе ўзначаліць Святую Імшу, якая завершыцца малітвай Regina Caeli.
Затым Папа здзейсніць прыватны візіт у базіліку святога Марка, дзе памоліцца перад рэліквіямі евангеліста і апекуна Венецыі, пасля чаго на борце патрульнага катэра дабярэцца да верталётнай пляцоўкі ваенна-марскога каледжа на востраве Святой Алены, дзе пасля развітання з грамадзянскімі і рэлігійнымі ўладамі ў 13.00 гадзін падымецца на борт верталёта, якім вернецца ў Ватыкан.