Пошук

Фігура Езуса з сальвадорскага Сансанатэ Фігура Езуса з сальвадорскага Сансанатэ  (Hermana de Jesús Nazareno de Sonsonate)

Святы Айцец напісаў да вернікаў з Сальвадора

“Знамянальна, як Пан выкарыстоўвае нашу бедную мову, каб данесці да нас Боскае пасланне”, - адзначыў Папа ў лісце да Таварыства Езуса Назараніна з сальвадорскага Сансанатэ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тэкст быў падрыхтаваны з нагоды 420-годдзя арганізацыі і прачытаны 27 сакавіка 2024 года апостальскім нунцыем у гэтай цэнтральнаамерыканскай краіне.

Так, у прыватнасці, адзначаецца момант з'яўлення фігуры Збаўцы ў гэтым горадзе. У сваім пасланні Францішак адзначыў, што і сёння, як і людзі больш за 400 гадоў таму, мы хочам бачыць вобраз Хрыста. «Але што мы хочам бачыць: прыгожую статую, каштоўны твор мастацтва, людзей, якія захапляюцца?” - працягваў Святы Айцец і адказаў: “Нічога з гэтага, таму што кожны год, калі мы пакідаем свае дамы, каб убачыць прыход Езуса, у пэўным сэнсе паўтараем стаўленне людзей з ізраільскага народа, калі пры ўваходзе ў свае намёты, яны сачылі за Майсеем, калі той ішоў насустрач Божай Славе”.

Затым Папа звярнуў увагу на тое, што ў часы Старога Запавету людзі не маглі бачыць аблічча Бога, але мы, у Езусе з Назарэта, Уцелаўлёным Слове, можам гэта зрабіць. А таксама размаўляць з Ім твар у твар. І Францішак заахвоціў вернікаў карыстацца такой магчымасцю.

Хрыстус сваім позіркам чыстай любові пытаецца ў нас: “Ці любіш ты Мяне?”, - заўважыў Папа. “Браты, нягледзячы на нашу нягоднасць, нягледзячы на нашу пастаянную няўдзячнасць, давайце заўсёды з велікадушнасцю вызнаваць: “Пане , ты ведаеш, што я люблю цябе”, - дадаў ён.

“Як было б сумна, калі б кожную Вялікую пятніцу нашыя сэрцы засяроджваліся толькі на назіранні за цікавай сцэнай”, - звярнуў увагу Святы Айцец, заахвочваючы да як мага большага асабістага ўдзелу ў нясенні крыжа з Езусам. “Ён нясе гэтае ярмо, каб мы маглі знайсці супакой”, - адзначыў ён.

Напрыканцы Папа заклікаў: “Сёння, як кожны год, як і кожны момант, Пан ідзе нам насустрач, пойдзем за Ім, несучы Яго на плячах, суцяшаючы Яго ў адкрытай ране нашых братоў і сясцёр, якія пакутуюць”.
 

29 сакавіка 2024, 10:07