Пошук

Святы Айцец сустрэўся з супольнасцю клінікі Bambino Gesù

Дар, клопат і супольнасць – на гэтыя тры адмысловыя аспекты звярнуў увагу Францішак, сустракаючыся 16 сакавіка 2024 года ў Ватыкане з калектывам і пацыентамі папскай педыятрычнай клінікі Bambino Gesù.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец заўважыў, што шпіталь сёння з'яўляецца “адным з найбуйнейшых цэнтраў педыятрычных даследаванняў і лячэння ў Еўропе, пунктам адліку для сем'яў, якія прыязджаюць з усяго свету”,“і элемент дару застаецца фундаментальным у яго гісторыі і пакліканні з каштоўнасцямі бязвыплатнасці, шчодрасці, даступнасці і пакоры.

“Толькі ў такім святле вы можаце цалкам зразумець каштоўнасць таго, што вы робіце, ад самых малых да самых вялікіх рэчаў, і можаце працягваць марыць пра будучыню”, - звярнуў увагу Пантыфік.

На яго думку, “навука і, адпаведна, здольнасць даглядаць, з'яўляюцца першай з задач, якія характарызуюць бальніцу Bambino Gesù сёння”. “Я заклікаю вас развіваць гэта з жаданнем прапанаваць лепшае з сябе і з асаблівай увагай да больш далікатных асоб, такіх як пацыенты з сур'ёзнымі, рэдкімі або звышрэдкімі захворваннямі”, - звярнуўся Папа. Ён папрасіў, каб “навука і вопыт не заставаліся прывілеяй нямногіх”.

Гаворачы пра трэці аспект працы медыцынскай установы – супольнасць, Францішак звярнуў увагу на тое, што прафесійны падыход у папскім шпіталі мае іншыя рысы, чым у многіх іншых – “гэта місія, якую кожны выконвае па-рознаму”. “Для некаторых гэта ўключае ў сябе прысвячэнне ўсяго жыцця; для іншых ахвяраванне свайго часу ў якасці валанцёра; для іншых усё яшчэ ахвяраванне ўласнай крыві, уласнага малака – для шпіталізаваных немаўлят, маці якіх не могуць гэтага гарантаваць – аж да ахвяравання органаў, клетак і тканак, прапанаваных жывымі людзьмі або ўзятых з цел памерлых. Любоў падштурхоўвае некаторых бацькоў да гераічнага жэсту згоды на донарства органаў сваіх дзяцей, якія не выжылі. Ва ўсім гэтым выяўляецца “супольная праца”, дзе розныя дары спрыяюць дабру маленькіх пацыентаў”, - сказаў Святы Айцец.

Завяршаючы прамову, Францішак прызнаўся, што калі ён прыходзіць у Bambino Gesù, мае два супрацьлеглыя пачуцці – “боль за пакуты хворых дзяцей і іх бацькоў, але ў той жа час вялікую надзею, бачачы ўсё, што там робіцца для іх лячэння”.
 

16 сакавіка 2024, 10:38