Пошук

Мігранты ў рэгіёне Дар'ен Мігранты ў рэгіёне Дар'ен  (AFP or licensors)

Святы Айцец: адмовіцца ад абыякавасці да братоў-мігрантаў

Весці Касцёл разам з братамі і сёстрамі мігрантамі па шляхах надзеі заклікаў Папа ўдзельнікаў канферэнцыі біскупаў Калумбіі, Коста-Рыкі і Панамы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Канферэнцыя Вялікдзень з нашымі братамі-мігрантамі праходзіць з 19 па 22 сакавіка ў Панаме.

У сваім пасланні Святы Айцец нагадаў евангельскія словы Мацвея аб тым, што "у першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і сказалі: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці пасху»” (26, 17). На яго думку, адказ на гэтае пытанне для Касцёла Калумбіі, Коста-Рыкі і Панамы такі: "У Дар'ене, з братамі і сёстрамі мігрантамі", дзе “мора слёз і смерці”. Праз гэты рэгіён праходзіць чалавечы караван венесуэльцаў, эквадорцаў, калумбійцаў, гаіцян, да якіх далучаюцца групы нікарагуанцаў і іншых мігрантаў з Цэнтральнай Амерыкі і іншых кантынентаў. Джунглі Дар’ена пераўтварыліся ў сапраўдны крыжовы шлях, на якім квітнее бізнес гандлю людзьмі.

Касцёл Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна заўсёды выказваў сваю заклапочанасць міграцыяй, імкнучыся стаць Касцёлам без межаў, Маці для ўсіх. Францішак заклікаў удзельнікаў канферэнцыі нястомна працаваць над тым, каб выкараніць абыякавасць да мігрантаў і вітаць іх у Касцёле як братоў і сясцёр.

Папа з удзячнасцю адзначыў магчымасці для дабрачыннай дапамогі і прыёму мігрантаў, якімі валодае Касцёл Лацінскай Амерыкі: дамы прытулку, цэнтры рэпатрыянтаў, гуманітарная дапамога, медыцынскае абслугоўванне, псіхалагічная і сацыяльная дапамога, юрыдычныя кансультацыі, духоўная падтрымка і іншыя, і заклікаў не грэбаваць гэтымі магчымасцямі.

Святы Айцец нагадаў, што ў сваім пасланні на Сусветны дзень мігранта і бежанца 2023 года ён казаў пра тое, што права не міграваць з’яўляецца доўгатэрміновым рашэннем праблемы вымушанай міграцыі. Ён заклікаў лацінаамерыканскіх біскупаў аб'яднаць намаганні з міжнароднай супольнасцю, “каб кожны меў права заставацца на сваёй зямлі і весці годнае і мірнае жыццё”.

Мігранты маюць патрэбу ў пастырах, якія адважваюцца выйсці за межы прынятага, бачаць галоўнае, адмаўляюцца ад абыякавасці і ўсведамляюць, што толькі ў рытме Бога можна “весці Касцёл разам з братамі і сёстрамі-мігрантамі па шляхах надзеі”, - гаворыцца ў пасланні Францішка.

Папа выказаў спадзяванне на стварэнне “адзінага Касцёла, гатовага прымаць, абараняць, прасоўваць і інтэграваць усіх без адрознення і без выключэння, прызнаючы права кожнага ўносіць свой уклад з дапамогай працы і асабістай прыхільнасці на карысць усіх і на абарону нашага агульнага дома”.

Напрыканцы паслання Святы Айцец заахвоціў біскупаў “пражыць гэтыя дні з радасцю і надзеяй, каб надыходзячы Вялікдзень нагадаў ім, што ўсе намаганні вартыя таго”.

20 сакавіка 2024, 14:02