Пошук

Пантыфік: патрэбны эфектыўны адказ на наступствы секулярызацыі

Евангелізацыя патрабуе сведчання, катэхізацыі і міласэрнасці, - нагадаў Папа 15 сакавіка 2024 года падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнай сесіі Секцыі па фундаментальных пытаннях свету Дыкастэрыі па евангелізацыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак звярнуў увагу на сітуацыю розных мясцовых Касцёлаў, у якіх “секулярызацыя апошніх дзесяцігоддзяў стварыла вялізарныя цяжкасці”: ад “згубы пачуцця прыналежнасці да хрысціянскай супольнасці” да “абыякавасці да веры і яе зместу”. Нягледзячы на гэтыя “сур’ёзныя праблемы” нельга апускаць рукі, бо цяпер “спрыяльны час”, каб задумацца над “эфектыўным адказам”, які дапаможа “вярнуць сэнс жыцця” новым пакаленням, - зазначыў Пантыфік у тэксце сваёй прамовы, які, спаслаўшыся на прастуду, папрасіў прачытаць мансеньёра Філіпа Чампанэлі з Дзяржаўнага сакратарыяту.

Вера – гэта досвед, а не тэорыя

Святы Айцец заклікаў “пераадолець падзел, што вызначыўся ў перадачы веры”, для чаго, на яго думку, трэба “тэрмінова аднавіць плённыя адносіны з сем’ямі і фармацыйнымі цэнтрамі”. Каб перадаваць веру ва ўваскрослага Пана, якая з’яўляецца “сэрцам евангелізацы”і, патрэбны сур’ёзны досвед сустрэчы з Езусам Хрыстом, што змяняе жыццё, перажыты ў сям’і ці хрысціянскай супольнасці. “Без гэтай сустрэчы, рэальнай і экзістэнцыяльнай, мы будзем заўсёды падпарадкаваны спакусе рабіць з веры тэорыю, а не жыццёвае сведчанне”, - папярэдзіў Францішак.

Важнасць паслугі катэхета

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць паслугі катэхетаў для евангелізацыі. Ён заклікаў біскупаў спрыяць пакліканням да гэтага служэння, асабліва сярод моладзі, каб “скараціць падзел паміж пакаленнямі і каб перадача веры не здавалася заданнем, даручаным выключна пажылым людзям”. Папа пажадаў, каб былі знойдзены формы, якія дазволяць людзям надалей “ведаць, вывучаць і цаніць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла”, а таксама чэрпаць з яго адказы на новыя пытанні, якія ўзнікаюць на працягу дзесяцігоддзяў.

Духоўнасць міласэрнасці

Святы Айцец падкрэсліў фундаментальнае значэнне духоўнасці міласэрнасці для евангелізацыйнай дзейнасці. Трэба сведчыць пра Божую міласэрнасць, а санктуарыі зрабіць месцамі, у якіх людзі будуць знаходзіць “аазісы міру і супакою”. Папа жадаў, каб Місіянеры міласэрнасці давалі сведчанне, якое дапаможа ўсім святарам “адкрыць ласку і радасць быцця слугамі Бога, які прабачае заўсёды і бязмежна”. Евангелізацыя, пазначаная сведчаннем міласэрнасці, “знаходзіць больш увагі і дазваляе сэрцам з большай гатоўнасцю адкрыцца на навяртанне”, - зазначыў ён, нагадваючы, што “чыстая і бескарыслівая любоў” – гэта “крыніца новага жыцця”.

Юбілей надзеі

Пантыфік згадаў пра набліжэнне Юбілею 2025 года, падчас якога, паводле яго слоў, “павінна праявіцца сіла надзеі”. Ён заўважыў, што праз некалькі тыдняў абнародуе Апостальскі ліст, якім будзе афіцыйна абвешчаны Юбілейны год, а таксама пажадаў, каб гэты дакумент дапамог многім людзям паразважаць над тэмай надзеі, а ў першую чаргу жыць ёй. “Святы Божы народ мае ў гэтым патрэбу!”, - сцвердзіў Папа.

Францішак пажадаў, каб візіт пілігрымаў у Рым дапамог ім “перажыць досвед веры, навяртання і прабачэння, сустракаючы жывую супольнасць, якая дае радаснае і пераканаўчае сведчанне”. Напрыканцы звароту ён заклікаў нанава адкрыць малітву як “досвед прабывання ў прысутнасці Пана, адчування сябе зразуметымі, прынятымі і любімымі Ім”.
 

15 сакавіка 2024, 10:07