Пошук

Кніга “Life. Мая гісторыі ў Гісторыі” Кніга “Life. Мая гісторыі ў Гісторыі” 

Святы Айцец напісаў аўтабіяграфію

“Life. Мая гісторыя ў Гісторыі” – пад такім загалоўкам выйдзе аўтабіяграфія Францішка, якую ён напісаў разам з журналістам Фабіа Маркезэ Рагонам, ватыканістам тэлеканала Mediaset i яго асабістым сябрам.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кніга з’явіцца на паліцах кнігарняў ЗША і некаторых краін Еўропы 19 сакавіка 2024 года, у 11-ю гадавіну афіцыйнага ўступлення Францішка на пасаду Біскупа Рыма. Яна была падрыхтавана ў амерыканскім выдавецтве HarperCollins. 14 сакавіка італьянскае выданне Corriera della sera апублікавала некаторыя ўрыўкі з аўтабіяграфіі.

Мара стаць місіянерам

На яе старонках Францішак прызнаўся, што хацеў стаць місіянерам і адправіцца ў Японію, але кіраўніцтва ордэна езуітаў не дазволіла яму зрабіць гэтага з прычыны яго слабога здароўя. “Калі б мяне паслалі на гэту місійную тэрыторыі, маё жыццё магло б пайсці па іншым шляху і магчыма камусьці ў Ватыкане было б лепш, чым цяпер”, - сказаў ён.

Дапамагаць бедным – гэта не камунізм

Святы Айцец заўважыў, што на яго фармацыю паўплывала загадчыца хімічнай лабараторыі, у якой ён працаваў у маладосці. Яна была камуністкай і атэісткай, але з павагай адносілася да яго рэлігійных перакананняў. “Яна многаму навучыла мяне адносна палітыкі: давала мне чытаць розныя публікацыі, у тым ліку камуністычнай партыі”, - сказаў Пантыфік.

“Пасля майго абрання нехта сказаў, што я часта кажу пра бедных, бо я камуніст ці марксіст. Таксама адзін мой сябар, кардынал, расказаў мне пра жанчыну, добрую каталічку, якая прызналася яму ў перакананні, быццам Папа Францішак – гэта антыпапа. Прычына? – Бо не носіць чырвоныя боты! Але казаць пра бедных не азначае аўтаматычна быць камуністам: бедныя – сцяг Евангелля і яны знаходзяцца ў сэрцы Езуса! У хрысціянскіх супольнасцях дзяліліся маёмасцю: гэта не камунізм, гэта чыстае хрысціянства”, - сказаў Святы Айцец.

Закаханасць

Папа прызнаўся, што падчас вучобы ў семінарыі меў кароткі перыяд закаханасці. “У мяне была дзяўчына ў мінулым, вельмі мілая, якая працавала ў свеце кіно. Яна потым выйшла замуж і мела дзяцей. Але ў гэты раз я быў на вяселлі аднаго з маіх дзяцькаў і мяне “асляпіла” адна дзяўчына. Яна па-сапраўднаму закружыла мне галаву, наколькі яна была прыгожая і разумная. На працягу цэлага тыдня я насіў яе вобраз думках і мне было складана маліцца! Потым, на шчасце, гэта прайшло і я прысвяціў душу і цела майму пакліканню”, - падзяліўся Пантыфік.

Бараніць жыццё заўсёды

Святы Айцец падкрэсліў, што “мы павінны заўсёды бараніць чалавечае жыццё ад зачацця да смерці”. “Я ніколі не стамлюся казаць, што аборт – гэта забойства, гэта злачынства, іншых слоў няма: гэта значыць адкінуць, знішчыць нявіннае чалавечае жыццё. Гэта параза для тых, хто яго здзяйсняе, і тых, хто становіцца саўдзельнікам: кілераў, наёмных забойцаў!”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы важнасць абароны права ўрачоў на тое, каб адмовіцца ад выканання аборту па матывах сумлення. Францішак таксама асудзіў “бесчалавечную” практыку сурагатнага мацярынства, якая становіцца ўсё больш распаўсюджанай і пагражае годнасці чалавека, бо выкарыстоўвае дзяцей як тавар.

Дыктатура ў Аргенціне

Папа згадаў, што падчас дыктатуры ў Аргенціне хаваў трох семінарыстаў, звязаных з біскупам Энрыке Анхэлелі, забітым хунтай. “Гэтыя тры семінарысты дапамагалі мне прымаць іншых юнакоў, якія таксама былі ў небяспецы. На працягу двух гадоў іх было каля дваццаці”, - адзначыў Пантыфік. Ён перакананы, што спецслужбы сачылі за ім, праслухоўвалі яго тэлефон і чыталі яго лісты. Святы Айцец згадаў, што дапамог пакінуць Аргенціну некаторым езуітам, а таксама аднаму маладому чалавеку, знешне падобнаму на яго, пераапрануўшы яго ў святара і даўшы яму свае дакументы. “Я тады вельмі рызыкаваў: калі б яго раскрылі, яго б без сумневаў забілі, а потым прыйшлі б за мной”, - напісаў Папа.

Францішак заўважыў, што спрабаваў дапамагчы сваёй былой загадчыцы ў хімічнай лабараторыі, хаваючы яе кнігі, але ўратаваць яе не атрымалася. Улады схапілі яе, катавалі, а потым выкінулі з самалёта. “Гэта быў генацыд, якія тычыўся пакалення”, - напісаў Святы Айцец.

“Абвінавачванні супраць мяне працягваліся да нядаўняга часу. Гэта была помста аднаго чалавека левых поглядаў, які, на самай справе, ведаў наколькі я быў супраць усёй гэтай жорсткасці”, - сказаў Папа. Ён распавёў, што ў 2010 годзе быў выкліканы на допыт, які працягваўся больш за чатыры гадзіны. “Потым некаторыя людзі мне прызналіся, што тагачасны аргенцінскі ўрад спрабаваў такім чынам надзець пятлю на маю шыю, але яны не знайшлі нічога, бо я быў чысты”, - дадаў Пантыфік.

Выгнанне і пакаранне

Францішак прызнаўся, што будучы маладым кіраўніком аргенцінскіх езуітаў трапіў у няміласць да касцёльных уладаў і ў якасці пакарання быў сасланы ў Кардобу. Ён жыў у маленькай келлі, уставаў а чацвёртай гадзіне раніцы, маліўся, клапаціўся пра хворых сабратаў, працаваў на кухні. Папа адзначыў, што ў гэты перыяд разважаў над памылкамі, зробленымі з прычыны яго “аўтарытарных паводзінаў”, з-за якіх нават абвінавачваўся ў “ультракансерватызме”. “Гэта быў перыяд ачышчэння. Я быў вельмі закрыты ў сабе, крыху дэпрэсіўны”, - дадаў ён.

Адносіны з Бэнэдыктам XVI

Потым Хорхэ Берголіа стаў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, атрымаў кардынальскую годнасць, а пасля адрачэння Бэнэдыкта XVI быў абраны Пантыфікам. Ён заўважыў, што яго папярэднік абяцаў безумоўную паслухмянасць новаму Папу. “Аднак мне было балюча бачыць як постаць Папы-эмерыта была выкарыстана з ідэалагічнымі і палітычнымі мэтамі несумленнымі людзьмі, якія не прынялі яго адрачэння, якія думалі пра ўласную выгаду і клопат пра ўласны сад, недаацэньваючы драматычнай магчымасці падзелу ў Касцёле”, - прызнаўся Святы Айцец.

Спрабуючы пазбегнуць такога развіцця падзей Францішак адведаў Бэнэдыкта XVI у Кастэль-Гандольфа. “Мы разам вырашылі, што будзе лепш, каб ён не жыў у схаванасці, як задумаў ад пачатку, але будзе сустракацца з людзьмі і прымаць удзел у жыцці Касцёла. На жаль, гэта амаль не дапамагло, бо на працягу наступных дзесяці гадоў было шмат палемікі, якія прычыніла шкоду абодвум”, лічыць Папа.

Выратаваць планету

На старонках кнігі Францішак неаднаразова выказваецца на карысць міру і абароны навакольнага асяроддзя. Ён сказаў, што памятае дзень калі на Японію былі скінуты амерыканскія ядзерныя бомбы. “Выкарыстанне атамнай энергіі для ваенных мэт – гэта злачынства супраць чалавека, яго годнасці і супраць усякай магчымай будучыні для нашага супольнага дома. Гэта нешта амаральнае! Як можам быць паладзінамі міру і справядлівасці, калі ў той жа час ствараем новыя ўзбраенні для вайны?”, - спытаўся ён.

Адносіны да гомасексуальных людзей

Пантыфік прызнаўся, што марыць пра Касцёл, які будзе прымаць усіх, “таксама тых, хто адчувае, што памыліўся і быў асуджаны намі ў мінулым”. “Я думаю пра гомасексуальных і транссексуальных людзей, якія шукаюць Пана, але іх не прынялі ці прагналі”, - сказаў ён. Францішак адзначыў, што праз “благаслаўленне нерэгулярных пар” хацеў сказаць толькі тое, што “Бог любіць усіх, у першую чаргу грэшнікаў”. Рашэнне “братоў-біскупаў не ісці гэтым шляхам” ён не лічыць пачаткам схізмы, “таму што навучанне Касцёла не ставіцца пад пытанне”. Пантыфік пацвердзіў, што сужэнства паміж людзьмі аднаго полу немагчымае, але яны павінны мець прававую абарону, як усе іншыя людзі.

Крытыка і магчымасць адрачэння

Францішак заўважыў, што Ватыкан – гэта апошняя абсалютная манархія ў Еўропе і там часта сустракаецца лад мыслення ўласцівы манаршым палацам, які, аднак, павінен быць канчаткова пераадолены. Ён нагадаў, што на канклаве 2013 года было вялікае жаданне перамен, але “заўсёды ёсць тыя, хто хоча спыніць рэформу, хто хацеў бы заставацца ў часах Папы-караля”.

Пантыфік прызнаўся, што не бачыць прычын для адрачэння ад папскага служэння, але калі б гэта здарылася ён не насіў бы тытул “Папы-эмерыта”, а толькі “Біскупа Рыма на пенсіі”. У такім выпадку Францішак хацеў бы пераехаць у базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб спавядаць людзей і прыносіць святую Камунію хворым. “Але гэта далёкая гіпотэза, бо у мяне няма сур’ёзных прычын, каб думаць пра адрачэнне”, - сказаў Святы Айцец.
 

14 сакавіка 2024, 10:36