Святы Айцец падрыхтаваў разважанні да Крыжовага шляху ў Калізеі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Упершыню ў падрыхтоўцы да Крыжовага шляху не прымалі ўдзел асобныя людзі і групы, як у папярэднія гады.
У 2023 годзе разважанні складаліся з сведчанняў, дыялогаў і прамоў Папы, сабраных падчас шматлікіх апостальскіх падарожжаў па пяці кантынентах. У папярэднія гады тэксты пісалі розныя людзі і групы: біскупы, законнікі, сем'і, моладзь, студэнты, сужонкі, місіянеры, мігранты і бежанцы, ахвяры гандлю людзьмі. Разважанні былі прысвечаныя такім тэмам, як міграцыя, сям'я, праца, турэмнае зняволенне, вайна і іншыя.
Сёлетні Крыжовы шлях будзе вельмі “медытатыўны", паведаміла Зала Друку Святога Пасада. Тэксты разважанняў будуць апублікаваныя ў Вялікую пятніцу, 29 сакавіка 2024 года. Яны будуць засяроджаныя на Езусе і на тым, што ён перажыў у той час, а таксама больш шырока на тэме пакут.
Такім чынам, гэта будзе малітоўны Крыжовы шлях у год, які Папа пажадаў прысвяціць малітве ў рамках падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года.