Пошук

Пантыфік: хрысціянская цярплівасць – праява любові

Цноце цярплівасці, у корані якой знаходзіцца любоў, прысвяціў Папа сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, якую правёў 27 сакавіка 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Напярэдадні Пасхальнага Трыдуума Францішак нагадаў, што падчас сваёй мукі Езус з цярплівасцю зносіў пакуты, абразы і несправядлівае асуджэнне, адказваючы на іх не гневам, а міласэрнасцю. Ён падкрэсліў, што “цярплівасць Езуса не зводзіцца да стаічнага вытрывання ў пакутах, але з’яўляецца плёнам больш вялікай любові”.

Святы Айцец нагадаў, што апостал Павел называў “доўгацярплівасць” першай рысай любові, а Біблія шматразова паказвае, што “сутыкаючыся з нашай нявернасцю”, Бог праяўляе сябе “павольным на гнеў” і заўсёды гатовым “пачаць ад пачатку”.

“Для святога Паўла – гэта першая рыса любові Бога, які перад абліччам граху прапануе прабачэнне. Але не толькі: гэта першая рыса кожнай вялікай любові, якая ўмее адказваць на зло дабром, якая не замыкаецца ў гневе і роспачы, але трывае і аднаўляецца. У корані цярплівасці знаходзіцца любоў, як кажа святы Аўгусцін: “Чалавек тым мацней зносіць усялякае зло, чым больш у ім Божай любові”, - сказаў Пантыфік.

Папа перакананы ў тым, што “няма лепшага сведчання любові Хрыста, чым сустрэча з цярплівым хрысціянінам”. “Давайце падумаем пра тое, колькі маці і бацькаў, работнікаў, урачоў, медсясцёр і хворых кожны дзень, у непрыкметнасці, благаслаўляюць свет святой цярплівасцю”, - заахвоціў ён.

Тым не менш, трэба быць шчырымі і прызнаць, што “нам часта не хапае цярплівасці”. “Яна патрэбна нам як “вітамін першай неабходнасці”, але мы інстынктыўна становімся нецярплівымі і адказваем злом на зло: нам цяжка захоўваць спакой, кантраляваць свае інстынкты, стрымліваць кепскія рэакцыі, спыняць сваркі і канфлікты ў сям’і, на працы, у хрысціянскай супольнасці”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заахвоціў памятаць, што “цярплівасць – гэта не толькі патрэба, але і пакліканне”, бо “калі Хрыстус цярплівы, тады і хрысціянін пакліканы быць цярплівым”. Гэта патрабуе таго, каб ісці супраць плыні распаўсюджанага сёння менталітэту, у якім пануюць паспешлівасць і жаданне атрымліваць “усё і адразу”. “Не будзем забываць, што паспешлівасць і нецярплівасць – ворагі духоўнага жыцця”, - падкрэсліў Папа, нагадваючы, што “Бог – ёсць любоў, а той, хто любіць, не стамляецца, не раздражняецца, не ставіць ультыматумаў”.

Францішак адзначыў, што аб цярплівасці трэба прасіць Бога. “Асабліва ў гэтыя дні нам будзе карысна сузіраць Укрыжаванага, каб пераймаць Яго цярплівасць”, - сказаў ён, нагадваючы, што гэта цнота дапамагае прывесці да Бога самых праблемных людзей, на якіх трэба “глядзець са спагадай, Божым позіркам, будучы здольнымі адрозніваць іх абліччы ад памылак”.

“Каб выхаваць у сабе цярплівасць – цноту, якая дае дыханне жыццю, карысна пашыраць свой позірк”, - дадаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў не замыкацца ва ўласных праблемах, але заўсёды памятаць пра цяжкасці іншых. Падчас выпрабаванняў варта адкрыцца на навіну Бога з надзеяй і ўпэўненасцю ў тым, што Ён не расчаруе нашы чаканні і ўзнагародзіць за цярплівасць, - сказаў Папа на заканчэнне сваёй катэхезы.
 

27 сакавіка 2024, 11:08

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >