Пошук

Сустрэча з удзельнікамі канферэнцыі “Мужчына і жанчына – вобраз Бога. На карысць антрапалогіі пакліканняў” Сустрэча з удзельнікамі канферэнцыі “Мужчына і жанчына – вобраз Бога. На карысць антрапалогіі пакліканняў”  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец: жыццё кожнага з нас – не выпадковасць

Сціраць адметнасці – значыць сціраць чалавецтва, - падкрэсліў Францішак, нагадваючы пра небяспеку гендарнай ідэалогіі. Ён заўважыў, што кожны чалавек – гэта пакліканне і місія.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

1 сакавіка 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму Мужчына і жанчына – вобраз Бога. На карысць антрапалогіі пакліканняў, арганізаванай Цэнтрам даследаванняў і антрапалогіі пакліканняў (Centre de Recerche et d’Anthropologie des Vocations). Структуру заснаваў у 2020 годзе кардынал Марк Уэле, былы прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў.

Францішак спаслаўся на прастуду і папрасіў свайго супрацоўніка зачытаць тэкст звароту. Перад гэтым ён падкрэсліў, што лічыць сустрэчу вельмі важнай у кантэксце распаўсюджвання гендарнай ідэалогіі, якая сцірае адметнасці. “Я папрасіў даследаваць гэту шкодную ідэалогію нашага часу, якая сцірае адрозненні і робіць усё аднолькавым; сціраць адрозненняў значыць сціраць чалавецтва”, - дадаў Папа.

У тэксце прамовы Пантыфік нагадаў, што рэфлексія над антрапалагічным вымярэннем кожнага паклікання “адсылае нас да элементарнай і фундаментальнай праўды, якую сёння нам трэба нанова адкрыць ва ўсёй яе паўнаце: жыццё чалавека – гэта пакліканне”; больш за тое – “сам чалавек з’яўляецца пакліканнем”. Усведамленне гэтага, на думку Святога Айца, дапамагае адкрыцца на навакольны свет і іншых людзей, а таксама з радасцю і адказнасцю прыняць сваю асаблівую і асабістую місію, мэта якой палепшыць свет.

“Гэта антрапалагічная праўда з’яўляецца фундаментальнай, бо цалкам адпавядае жаданню чалавечай рэалізацыі і шчасця, якое жыве ў нашых сэрцах”, - напісаў Святы Айцец, дадаючы, што “ў сучасным культурным кантэксце” мы “часам схільныя забываць гэтую рэальнасць”, рызыкуючы “звесці чалавека выключна да яго матэрыяльных або першасных патрэб, як калі б ён быў аб’ектам без сумлення і без волі, якога проста цягне жыццё, як частку зубчатага механізму”. Але “мужчына і жанчына створаны Богам і з’яўляюцца вобразам Творцы; гэта значыць, яны нясуць у сабе жаданне вечнасці і шчасця, якое сам Бог уклаў у іх сэрцы і якое яны пакліканы рэалізаваць праз канкрэтнае пакліканне”, - падкрэсліў ён.

“Мы пакліканы да шчасця, да паўнаты жыцця, да чагосьці вялікага, да чаго нас прызначыў Бог. Жыццё кожнага з нас, без выключэнняў, гэта не выпадковасць; наша існаванне ў свеце не з’яўляецца выпадковасцю, але мы з’яўляемся часткай задумы любові, і мы пакліканы выйсці па-за саміх сябе і споўніць яе, дзеля сябе і дзеля іншых”, - дадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што “кожны з нас мае місію, гэта значыць пакліканы зрабіць уласны ўклад, каб паляпшаць свет і загартоўваць грамадства”. “Гаворка ідзе не пра вокнавае заданне, даверанае нашаму жыццю, але пра вымярэнне, якое ахоплівае саму нашу прыроду, структуру нашага быцця мужчынам ці жанчынай на вобраз і падабенства Бога. Нам не толькі была даверана місія, але кожны і кожная з нас – гэта місія”, - падкрэсліў ён, заклікаючы працягваць даследаванні на тэму пакліканняў, розных станаў жыцця і разнастайнасці харызматаў, а таксама адзначыў важнасць супрацоўніцтва паміж імі.
 

01 сакавіка 2024, 10:34