Urbi et orbi: вітаць, абараняць і любіць кожнае чалавечае жыццё
Марыя Валодзіна – Vatican News
Пасля святочнай велікоднай Імшы, якая прайшла 31 сакавіка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа звярнуўся да ўсяго свету з пасланнем Urbi et Orbi і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне.
“Дарагія браты і сёстры! Са святам Вялікадня! Сёння па ўсім свеце гучыць вестка, абвешчаная дзве тысячы гадоў таму ў Ерусаліме: Езус Назаранін, укрыжаваны, уваскрос! (пар. Мк 16, 6)”, - распачаў свой велікодны зварот Святы Айцец.
Папа нагадаў, што ў гэты дзень Касцёл згадвае здзіўленне жанчын, якія прыйшлі на досвітку да Яго магілы. “Грабніца была зачынена вялікім каменем. І сёння вялікія, цяжкія камяні перагароджваюць шлях надзеям чалавецтва: валун вайны, валун гуманітарных крызісаў, валун парушэння правоў чалавека, валун гандлю людзьмі і іншыя камяні. Як і жанчыны-вучаніцы Езуса, мы пытаемся адзін аднаго: "Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?" (пар. Мк 16, 3), - сказаў Францішак.
“І вось дзіўнае адкрыццё той Велікоднай раніцы: валун, велізарны камень, быў адсунуты. Здзіўленне жанчын – гэта і наша здзіўленне: магіла Езуса адчыненая і пустая! З гэтага моманту ўсё пачынаецца зноў! Праз гэтую пустую магілу вядзе новы шлях: шлях, які ніхто з нас, акрамя Бога, не здолеў бы адкрыць: шлях жыцця пасярод смерці, шлях міру пасярод вайны, шлях прымірэння пасярод нянавісці, шлях братэрства пасярод варожасці”, - нагадаў Пантыфік.
“Браты і сёстры! Езус Хрыстус уваскрос! Толькі ён здольны адсунуць камяні, якія загароджваюць шлях да жыцця. Гэтым шляхам з'яўляецца Ён сам, шляхам, які вядзе да жыцця, міру, прымірэння і братэрства. Ён адкрывае той шлях, адкрыць які па-чалавечы немагчыма, таму што бярэ на сябе грэх свету і даруе нашы грахі. Без Божага прабачэння гэты камень не можа адсунуцца. Без прабачэння грахоў немагчыма пераадолець бар'еры забабонаў, узаемных падазрэнняў, прэзумпцыі таго, што мы заўсёды маем рацыю, а іншыя не. Толькі ўваскрослы Хрыстус, даруючы нам прабачэнне грахоў, адкрывае шлях да абноўленага свету”, - сказаў Папа.
“Толькі Ён адчыняе нам дзверы жыцця, тыя дзверы, якія мы ўвесь час зачыняем войнамі, якія бушуюць у свеце. Сёння мы звяртаем перш за ўсё нашы погляды да святога горада Іерусаліма, які стаў сведкам таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Езуса, а таксама да ўсіх хрысціянскіх супольнасцяў Святой Зямлі”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец нагадаў аб ахвярах многіх канфліктаў, якія адбываюцца ў свеце, пачынаючы з Ізраіля, Палесціны, Украіны. “Няхай Уваскрослы Хрыстус адкрые шлях да міру для змучанага насельніцтва гэтых рэгіёнаў. Заклікаючы да выканання прынцыпаў міжнароднага права, я выказваю надзею на агульны абмен усімі палоннымі паміж Расіяй і Украінай: усіх на ўсіх!” - сказаў Папа.
Францішак зноў заклікаў забяспечыць доступ да гуманітарнай дапамогі ў Газе, вызваліць закладнікаў, выкрадзеных 7 кастрычніка 2023 года, і неадкладна спыніць агонь у Сектары Газа.
Святы Айцец заклікаў не дапусціць, каб ваенныя дзеянні і далей мелі сур'ёзныя наступствы для знясіленага грамадзянскага насельніцтва, асабліва дзяцей. “Колькі пакут мы бачым у вачах дзяцей! Яны забыліся, як усміхацца, тыя дзеці ў землях, дзе ідзе вайна... Сваім поглядам яны пытаюцца: чаму? Для чаго ўсе гэтыя смерці? Для чаго ўсе гэтыя разбурэнні? Вайна – гэта заўсёды абсурд, вайна – заўсёды параза! Давайце не дазволім усё больш моцным вятрам вайны дзьмуць на Еўропу і Міжземнамор'е. Давайце не паддавацца логіцы ўзбраення і пераўзбраення. Міру немагчыма дасягнуць з дапамогай зброі, але з працягнутымі рукамі і адкрытым сэрцам”, - нагадаў Папа.
Пантыфік заклікаў не забываць пра Сірыю, якая на працягу трынаццаці гадоў пакутуе ад наступстваў доўгай і разбуральнай вайны. Такая колькасць смерцяў і знікненняў, шмат галечы і разбурэнняў патрабуюць рэакцыі з боку ўсіх, усёй міжнароднай супольнасці.
“Сёння мае думкі звяртаюцца да Лівану, які доўгі час знаходзіцца ў інстытуцыянальным тупіку і глыбокім эканамічным і сацыяльным крызісу, які ў цяперашні час пагаршаецца ваеннымі дзеяннямі на мяжы з Ізраілем. Хай Уваскрослы Пан суцешыць дарагі ліванскі народ і падтрымае ўсю краіну ў яе пакліканні быць краінай сустрэч, суіснавання і плюралізму”, - заклікаў Святы Айцец.
Францішак нагадаў пра рэгіён Заходніх Балкан, “дзе робяцца значныя крокі ў напрамку інтэграцыі ў еўрапейскі праект”. “Няхай этнічныя, культурныя і канфесійныя адрозненні не з'яўляюцца прычынай падзелу, а становяцца крыніцай багацця для ўсёй Еўропы і для ўсяго свету”, - пажадаў Папа.
Святы Айцец заклікаў да перамоў паміж Арменіяй і Азербайджанам, каб “пры падтрымцы міжнароднай супольнасці яны маглі працягваць дыялог, дапамагаць перамешчаным асобам, паважаць месцы культу розных рэлігійных канфесій і як мага хутчэй прыйсці да канчатковага мірнага пагаднення”.
“Няхай Уваскрослы Хрыстус адкрые шлях надзеі для ўсіх людзей, якія ў іншых частках свету пакутуюць ад гвалту, канфліктаў, адсутнасці харчовай бяспекі і наступстваў змены клімату. Няхай Ён дасць суцяшэнне ахвярам тэрарызму ва ўсіх яго формах. Давайце памолімся за ўсіх тых, хто загінуў, і папросім аб пакаянні і навяртанні тых, хто здзейсніў гэтыя злачынствы”, - заахвоціў Папа.
“Хай Уваскрослы Пан дапамагае народу Гаіці, каб у гэтай краіне як мага хутчэй спыніліся акты гвалту, разбурэння і кровапраліцця і каб яна магла рушыць наперад па шляху дэмакратыі і братэрства”, - пажадаў Францішак.
“Няхай Хрыстус даруе суцяшэнне народу рахінджа, які пакутуе ад сур'ёзнага гуманітарнага крызісу, і адкрые шлях да прымірэння ў М'янме, якую вось ужо шмат гадоў раздзіраюць унутраныя канфлікты, каб можна было канчаткова адмовіцца ад логікі насілля”, - заклікаў Пантыфік.
“Хай Ён адкрые шляхі да міру на афрыканскім кантыненце, асабліва для народаў Судана і ўсяго рэгіёну Сахель, Афрыканскага Рога, рэгіёну Ківу ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, правінцыі Кабу-Дэльгаду ў Мазамбіку, хай пакладзе канец працяглай засусе, якая закранае шырокія тэрыторыі і выклікае голад”, - пажадаў Папа.
“Няхай Уваскрослы асвяціць сваім святлом мігрантаў і ўсіх тых, хто перажывае перыяд эканамічных цяжкасцяў, дасць ім суцяшэнне і надзею ў цяжкую хвіліну. Няхай Хрыстус накіруе ўсіх людзей добрай волі да аб'яднання ў духу салідарнасці, каб разам вырашаць шматлікія праблемы, якія стаяць перад бяднейшымі сем'ямі ў іх пошуках лепшага жыцця і шчасця”, - заклікаў Святы Айцец.
Папа заахвоціў усіх людзей успомніць пра бясконцую любоў Бога да кожнага з нас: любоў, якая пераадольвае ўсе абмежаванні і ўсе слабасці. Гэтым каштоўным дарам жыцця часта пагарджаюць. “Колькі дзяцей не могуць нават нарадзіцца на свет? Колькі з іх паміраюць ад голаду, пазбаўленыя медыцынскай дапамогі або становяцца ахвярамі злоўжыванняў? Колькі людскіх жыццяў становяцца таварам у гандлю людзьмі?” - спытаў Францішак.
“У дзень, калі Хрыстус вызваліў нас ад рабства смерці, я звяртаюся да ўсіх, хто нясе палітычную адказнасць, з заклікам прыкласці ўсе намаганні ў барацьбе з такім злом, як гандаль людзьмі, нястомна працаваць, каб ліквідаваць сеткі эксплуатацыі і вызваліць тых, хто стаў іх ахвярамі. Няхай Пан суцешыць іх сем'і, асабліва тых, хто з нецярпеннем чакае вестак пра сваіх блізкіх, і дасць ім суцяшэнне і надзею”, - сказаў Пантыфік.
“Хай святло Ўваскрасення асвяціць нашы розумы і навярне нашы сэрцы, дазваляючы ўсвядоміць каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця, якое трэба вітаць, абараняць і любіць. Шчаслівага Вялікадня ўсім!” - пажадаў Францішак.