Заўсёды з Пятром
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News
Ва ўмовах аглушальнага маўчання дыпламатыі, відавочнай адсутнасці палітычнай ініцыятывы і лідарства, здольных рабіць стаўку на мір, у час, калі свет пачаў вар'яцкую гонку пераўзбраення, трацячы на зброю грошы, якіх было б дастаткова, каб двойчы забяспечыць базавую ахову здароўя ўсім жыхарам Зямлі і значна скараціць выкіды парніковых газаў, самотны голас Папы Францішка працягвае прасіць аб тым, каб змоўкла зброя, і заклікаць да мужнасці абрання мірных шляхоў.
Папа працягвае заклікаць да спынення агню ў Святой Зямлі, дзе за бязлітаснай разнёй, здзейсненай тэрарыстамі ХАМАС 7 кастрычніка, рушыла ўслед і не спыняецца трагічная бойня ў Газе.
Святы Айцец працягвае заклікаць, каб змоўкла зброя ў трагічным канфлікце ў самым сэрцы хрысціянскай Еўропы, ва Украіне, разбуранай і змучанай бамбардзіроўкамі расійскай арміі-агрэсара.
Пантыфік працягвае заклікаць да міру ў іншых частках свету, дзе з невымоўным насіллем працягваюцца забытыя канфлікты, якія складаюць усё больш буйныя фрагменты сусветнага канфлікту.
Францішак распачынае дванаццаты год пантыфікату ў цёмную гадзіну, калі лёс чалавецтва залежыць ад амбіцый кіраўнікоў, няздольных ацаніць наступствы сваіх рашэнняў, якія, здаецца, змірыліся з непазбежнасцю вайны. З яснасцю і рэалізмам ён кажа, што "мацнейшы той, хто бачыць сітуацыю, той, хто думае пра народ”, а значыць “той, хто мае мужнасць весці перамовы”, таму што “дамаўляцца – мужнае слова”, якога не варта саромецца.
Папа, не баючыся быць незразумелым блізкімі і далёкімі, працягвае ставіць у цэнтр святасць жыцця, быць побач з нявіннымі ахвярамі і асуджаць брудныя эканамічныя інтарэсы, якія рухаюць войнамі, прыкрываючыся крывадушнасцю.
Беглы агляд гэтых апошніх адзінаццаці гадоў гісторыі дазваляе зразумець прароцкую каштоўнасць голаса Наступніка Пятра. Дзесяць гадоў таму назад прагучала першае папярэджванне аб фрагментарнай трэцяй сусветнай вайне. Сацыяльная энцыкліка Laudato si' (2015 год) паказала, што такія з’явы, як змена клімату, міграцыя, войны і драпежная эканоміка ўзаемазвязаны і могуць быць вырашаны толькі глабальнымі намаганнямі. Вялікая энцыкліка аб чалавечым братэрстве (Fratelli tutti, 2020) паказала шлях да пабудовы новага свету, заснаванага на братэрстве, у чарговы раз пазбавіўшы алібі злоўжыванне імем Бога для апраўдання тэрарызму, нянавісці і насілля. Пастаянным нагадваннем аб міласэрнасці прасякнута ўсё місіянерскае служэнне Пантыфіка.
У сучасным секулярызаваным грамадстве няма нічога, што можа быць успрынята як належнае, і евангелізацыя павінна пачынаецца нанова з самага неабходнага, вучыць Францішак у Evangelii gaudium (2013 год): "Мы ўбачылі, што таксама ў катэхезе фундаментальную ролю мае першае прапаведаванне або керыгма, якая павінна займаць цэнтральнае месца ў евангелізацыйнай дзейнасці і ў кожнай спробе касцёльнага аднаўлення. [...]. Цэнтральнае месца керыгмы прадвызначаюць пэўныя рысы прапаведавання, якія сёння з’яўляюцца ўсюды неабходнымі: яно павінна казаць пра збаўчую моц любові Бога, і толькі пасля пра маральныя і рэлігійныя абавязацельствы; не павінна навязваць праўды, але заклікаць да свабоды; павінна адзначацца радасцю, жыццёвай сілай і гарманічнай цэласнасцю, якая не дазволіць звесці прапаведаванне да некалькіх дактрын, часам больш філасофскіх, чым евангельскіх. Гэта патрабуе ад евангелізатара некаторых пастаў, якія дапамогуць лепш прыняць пасланне: даступнасць, адкрытасць на дыялог, цярплівасць, сардэчная ветлівасць, якая нікога не асуджае”.
Сведчанне аб міласэрнасці з'яўляецца, такім чынам, цэнтральным элементам гэтай “збаўчай любові Бога”, якая апярэджвае “маральныя і рэлігійныя абавязацельствы”. Іншымі словамі, той, хто яшчэ не сутыкнуўся з хрысціянскай рэальнасцю, як папярэджваў Бэнэдыкт XVI у маі 2010 года, наўрад ці будзе ўражаны і зачараваны маральнымі нормамі і абавязацельствамі, забаронамі, спісамі грахоў, асуджэннямі і настальгіяй па каштоўнасцям мінулага.
Вытокам ветлівасці, блізкасці, пяшчоты, здольнасці абдымаць і слухаць з’яўляецца рэха міласэрнасці, якая была перажыта ў мінулым і да якой чалавек імкнецца вярнуцца, нягледзячы на тысячы абмежаванняў і падзенняў. Калі з гэтага пункта гледжання паглядзець на жэсты Папы, нават на тыя, якія выклікалі ў некаторых людзей шок, як выклікалі шок жэсты Езуса дзве тысячы гадоў таму, можна пабачыць іх глыбокую евангелізацыйную і місіянерскую моц.