Пошук

Францішак: на жаль, мы жывём у грамадстве "я", а не "мы"

Да канкрэтнай дапамогі і клопату, без адрознення нацыянальнасці, сацыяльнага класа, рэлігіі ці палітычных поглядаў, - заклікаў Папа Італьянскі Чырвоны Крыж, які адзначае 160-годдзе з дня заснавання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Калі асоба знаходзіцца ў цэнтры, мы можам весці дыялог, працаваць разам дзеля агульнага дабра, выходзячы за межы падзелаў, разбураючы сцены варожасці, пераадольваючы логіку інтарэсаў і ўлады, якія асляпляюць і робяць іншага ворагам. Для верніка кожны чалавек – святы. Кожнае чалавечае стварэнне з'яўляецца любімым Богам і таму – гэта носьбіт неад'емных правоў”, - адзначыў Францішак падчас сустрэчы з валанцёрамі, якая прайшла ў Ватыкане 6 красавіка 2024 года.

Пантыфік нагадаў, што сёння “ніводзін кантэкст не свабодны ад пакут, ад ран цела і душы, як у невялікіх супольнасцях, так і ў самых забытых кутках Зямлі”. Таму, лічыць ён, “нам неабходна глабалізаваць салідарнасць, рэалізуючы яе на нацыянальным і міжнародным узроўнях”, бо “прызнанне кожнага чалавека як брата ці сястры і імкненне да сацыяльнага сяброўства, якое ўключае ўсіх, – гэта не проста ўзнёслая ідэя – гэта рэальнасць”.

Святы Айцец з жалем заўважыў, што “наша грамадства – гэта грамадства "я", а не "мы", малой групы, а не ўсіх”, яно з’яўляецца грамадствам эгаістычным. Але “кожны чалавек мае сваю годнасць і заслугоўвае нашай увагі: мы не можам глядзець у іншы бок або адкінуць яго з прычыны яго стану, інваліднасці, паходжання або сацыяльнага статусу”.

Менавіта таму Францішак заклікаў прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа “працягваць падтрымліваць братоў і сясцёр у патрэбе, з кампетэнтнасцю, шчодрасцю і самаадданасцю, асабліва ў час, калі расізм і пагарда растуць як пустазелле”.
 

06 красавіка 2024, 11:52