Пошук

Пій X Пій X 

Францішак напісаў прадмову да кнігі пра Пія X

Пій X належыць сённяшняму Касцёлу і ўсім вернікам, якія бачаць у святых узоры для пераймання, напісаў Францішак у прадмове да выдання, праілюстраванага 80 партрэтамі гэтага Пантыфіка.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Кніга пад назвай Даніна павагі Пію X. Прыжыццёвыя партрэты (Omaggio a Pio X. Ritratti coevi) выйшла ў свет у выдавецтве Kappadue. Яе аўтар – ксёндз Луча Баноры, супрацоўнік Дзяржаўнага сакратарыята.

У прадмове Францішак падзяліўся асабістым стаўленнем да гэтага Папы: “Я вельмі люблю Пія Х і заўсёды любіў яго. У Буэнас-Айрэсе ў яго свята, 21 жніўня, я збіраў катэхетаў архідыяцэзіі. (...) Пій X заўсёды быў вядомы як Папа катэхізацыі. І не толькі! Лагодны і моцны Папа. Сціплы і ясны. Папа, які даў зразумець усяму Касцёлу, што без Эўхарыстыі і без засваення евангельскіх ісцін наша асабістая вера слабее і памірае”.

Францішак заўважыў, што любіць Пія Х і па іншых прычынах. Гэты Папа спрыяў заснаванню ў Рыме Біблійнага інстытута, чый “тэалагічны і духоўны плён неўзабаве распаўсюдзіўся па ўсяму Касцёлу”. Ён плакаў перад абліччам сусветнай вайны, заклікаючы скласці зброю. “Сёння ў гэты трагічны момант гэта мне вельмі блізка...” - напісаў Святы Айцец.

“Пій X быў на баку малых, бедных, тых, хто ў патрэбе, пацярпелых ад землятрусу, бяздольных, тых, хто пакутаваў ад стыхійных бедстваў і жыццёвых нягод. Помнікам душпастырству назваў яго святы Ян XXIII вясной 1959 года, калі ў базіліцы святога Марка ў Венецыі ўшаноўваліся яго смяротныя парэшткі”, - нагадаў Францішак.

Аўтар кнігі "Даніна павагі Пію X. Прыжыццёвыя партрэты" ксёндз Луча Баноры
Аўтар кнігі "Даніна павагі Пію X. Прыжыццёвыя партрэты" ксёндз Луча Баноры

На думку Папы, “унікальнае і канкрэтнае” даследаванне айца Баноры было праведзена “з сур'ёзнасцю і запалам”. Яно знаёміць чытачоў з 80 жывапіснымі або скульптурнымі партрэтамі Пія X, выкананымі як знакамітымі, так і сціплымі мастакамі пры яго жыцці ў перыяд святарства і пантыфікату.

Францішак выказаў задавальненне ў сувязі з пілігрымкай рэліквіі святога Пія X у Трэвіза, Падую і Венецыю, дзе ёй пакланіліся тысячы вернікаў, сведчачы аб тым, што гэты Папа “належыць сённяшняму Касцёлу, яго народу, людзям, ахрышчаным усіх узростаў, якія жадаюць быць вернымі Евангеллю і сваім пастырам, бачаць у святых сапраўдныя ўзоры для пераймання і сваіх шчырых спадарожнікаў на шляху да Езуса і Евангелля”. “Няхай жыве святы Пій X, няхай ён жыве глыбока ў сэрцы сённяшняга Касцёла!” - напісаў у прадмове Францішак.

17 красавіка 2024, 14:00