Францішак: стыль жыцця скаўтаў – выдатны прыклад для ўсіх

Клопат пра чалавечае жыццё, выкарыстанне Божых дароў для добрых мэт, ахова навакольнага асяроддзя з увагай да праблем бедных, былі тэмамі звароту Папы да італьянскіх скаўтаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

13 красавіка 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане кіраўніцтва Руху італьянскіх дарослых каталіцкіх скаўтаў (Movimento Adulti Scout Cattolici Italiani) – аб’яднання, якое сёлета адзначае свой 70-гадовы юбілей. Пантыфік прапанаваў паразважаць над некаторымі каштоўнасцямі, якія сімвалізуе праект гэтай арганізацыі Больш жыцця жыццю, у рамках якога яе члены падарылі кувез для нованароджаных Цэнтру першай дапамогі і прыняцця мігрантаў на Лампедузе, пабудавалі цяслярню ў Замбіі і пасадзілі лес у італьянскай вобласці Эмілія-Раманья.

Кувез нагадвае пра любоў да жыцця, якое нараджаецца. “Мы жывём у час драматычнага зніжэння нараджальнасці, калі здаецца, што чалавек згубіў адчуванне сэнсу нараджэння дзяцей і клопату пра іншых, а магчыма нават і адчуванне сэнсу жыцця. Калыска, наадварот, сімвалізуе радасць з’яўлення дзіцяці на свет, клопат пра яго добры рост, чаканне і надзею на тое, кім яно можа стаць. Калыска кажа нам пра сям’ю, гасціннае і бяспечнае гняздо для малых, пра супольнасць, заснаваную на клопаце пра жыццё на кожным этапе, асабліва калі гады і цяжкасці шляху робяць асобу больш уразлівай і патрабуючай. У гэтым сэнсе важна, што ваш дар прызначаны для Цэнтра першай дапамогі і прыёма мігрантаў на Лампедузе: гэта яшчэ раз падкрэслівае, што любоў да жыцця заўсёды адкрытая і паўсюдная, жадае дабра ўсім, незалежна ад паходжання ці якіх-кольвечы іншых умоў”, - падкрэсліў Францішак.

Цяслярня – сімвал, асабліва блізкі хрысціянам, таму што Божы сын выбраў яе месцам падрыхтоўкі да сваёй місіі, пакорна працуючы рукамі ў Назарэце. “У свеце, дзе так шмат – занадта шмат – кажуць пра стварэнне зброі для вайны, яна нагадвае нам пра фундаментальнае пакліканне чалавека ператвараць Божыя дары не ў прылады смерці, але ў інструменты дабра, у агульным імкненні пабудаваць справядлівае і мірнае грамадства, дзе кожнаму даецца шанс на годнае жыццё”, - сказаў Папа.

Лес нагадвае пра нашу адказнасць за супольным дом. “Павага, любоў і непасрэдны кантакт з прыродай – адметныя рысы скаўтызму з моманту яго зараджэння. І гэтыя каштоўнасці вельмі патрэбны нам сёння, калі мы аказваемся ўсё больш бяссільнымі перад наступствамі безадказнай і недальнабачнай эксплуатацыі планеты, нявольнікамі ладу жыцця і паводзін, якія гэтак жа эгаістычна глухія да ўсякіх заклікаў да здаровага сэнсу, як і трагічна самазнішчальныя; неадчувальныя да воклічу зраненай зямлі, а таксама да голасу многіх братоў і сясцёр, несправядліва маргіналізаваных і выключаных са справядлівага размеркавання даброт. Перад абліччам усяго гэтага сціплы, паважлівы і беражлівы стыль скаўтаў – выдатны прыклад для ўсіх!”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак заклікаў сваіх гасцей клапаціцца пра моладзь і заставацца адкрытай і ўважлівай супольнасцю, гатовай прымаць, слухаць і суправаджаць тых, каго Пан ставіць на шляху, па-прароцку мужна абвяшчаць Евангелле, выходзячы за рамкі свайго кола, каб сустракаць іншых, асабліва тых, хто жыве на экзістэнцыяльных перыферыях нашага часу.
 

13 красавіка 2024, 11:15