Пошук

Кампанія Cisco падпісала Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту

24 красавіка 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане генеральнага дырэктара Cisco Чака Робінса. Нагодай паслужыла падпісанне гэтай IT-кампаніяй Рымскага закліку да этыкі штучнага інтэлекту.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Буйная кампанія ў галіне інфармацыйных тэхналогій далучылася да закліку аб распрацоўцы алгарытму па этычнаму рэгуляванню штучнага інтэлекту.

Пасля папскай аўдыенцыі кіраўнік кампаніі Cisco System Inc. Чак Робінс падпісаў Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту (Rome Call for AI Ethics). Пад дакументам ужо стаяць подпісы міжнародных IT-кампаній, такіх як Microsoft і IBM, а таксама шматлікіх універсітэтаў, устаноў, прыватных асоб і прадстаўнікоў трох абрамічных рэлігій.

Цырымонія падпісання Рымскага закліку да этыкі штучнага інтэлекту кампаніяй Cisco
Цырымонія падпісання Рымскага закліку да этыкі штучнага інтэлекту кампаніяй Cisco

"Мы вельмі рады, што Cisco далучылася да Рымскага закліку, таму што гэта кампанія з’яўляецца адным з вядучых тэхналагічных партнёраў у галіне штучнага інтэлекту (ШІ)”, - пракаментаваў падзею арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміяй жыцця і фонду Адраджэнне (RenAIssance).

"Калі ў 2020 годзе мы ўпершыню звярнулі ўвагу сусветнай грамадскасці на неабходнасць і неадкладнасць прымянення алгарэтыкі, гэта значыць этыкі распрацоўцы алгарытмаў, якія ляжаць у аснове штучнага інтэлекту, мы адразу зразумелі, што час для гэтага прыйшоў. Сёння мы ведаем, што штучны інтэлект больш не з'яўляецца тэмай выключна для экспертаў. Разважанні пра этыку яго распрацоўкі актуальныя як ніколі. Новае падпісанне Рымскага закліку дэманструе гэта”, - адзначыў іерарх.

"Штучны інтэлект карэнным чынам мяняе наш свет, адкрываючы велізарныя магчымасці, але і кідаючы нам новыя выклікі. На працягу амаль 40 гадоў кампанія Cisco стварала сеткі, якія аб'ядноўваюць людзей і арганізацыі па ўсім свеце, сёння мы распрацоўваем крытычна важную інфраструктуру для забеспячэння бяспекі, якія лягуць у аснову рэвалюцыі ў галіне штучнага інтэлекту. Прынцыпы Рымскага закліку адпавядаюць асноўнаму перакананню Cisco ў тым, што тэхналогіі павінны грунтавацца на даверы на самым высокім узроўні, каб забяспечыць інклюзіўную будучыню для ўсіх”, - сказаў гендырэктар кампаніі Чак Робінс.

Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту

Рымскі заклік – гэта дакумент, які заклікае да этычнага падыходу да штучнага інтэлекту. Ён быў распрацаваны Папскай акадэміяй жыцця і фондам Адраджэнне (RenAIssance). 28 лютага 2020 года першыя подпісы пад ім паставілі карпарацыі Microsoft, IBM, Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ФАО) і міністэрства інавацый Італіі. З цягам часу Рымскі заклік выклікаў вялікую цікавасць у свеце. Яго асноўная ідэя заключаецца ў выхаванні пачуцця агульнай адказнасці міжнародных арганізацый, урадаў, інстытутаў і прыватнага сектара ў імкненні стварыць будучыню, у якой кожны чалавек зможа карыстацца дасягненнямі тэхналогіі, а тэхнічны прагрэс забяспечыць павагу годнасці кожнага чалавека і нашага агульнага дома. Падпісанты абавязваюцца прытрымлівацца такіх этычных прынцыпаў, як празрыстасць, інклюзіўнасць, справаздачнасць, аб’ектыўнасць, надзейнасць, бяспека і прыватнасць.

Кампанія Cisco

Заснаваная ў 1984 годзе ў Каліфорніі, кампанія Cisco System Inc з'яўляецца сусветным лідарам у галіне інфармацыйных тэхналогій. Яна працуе ў некалькіх напрамках: праграмнага забеспячэння, камунікацыйных платформ, кібербяспекі. Кампанія таксама распрацавала вучэбную праграму Cisco Networking Academy, якая дазваляе студэнтам вучыцца праектаваць і абслугоўваць сеткі, распрацоўваць дадаткі, гарантаваць кібербяспеку і многаму іншаму. Праграма дазволіла атрымаць базавыя і прафесійныя IT-навыкі больш за 20 мільёнаў чалавек.

24 красавіка 2024, 15:12