Пошук

Пантыфік да моладзі: быць галоўнымі героямі, а не гледачамі будучыні

Мы ўсе зацікаўлены ў стварэнні лепшай будучыні і павінны будаваць яе разам, звярнуўся Францішак да вучняў і настаўнікаў італьянскай сеткі Школы міру. Сустрэча прайшла 19 красавіка 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец падзякаваў моладзі і педагогам за ініцыятыву, якая імкнецца спрыяць новаму светапогляду. “Сёння, як ніколі раней, неабходна жыць з адказнасцю, пашыраючы гарызонты, гледзячы наперад і сеючы тое насенне міру, якое заўтра можа прарасці і прынесці плён”, - сказаў ён.

Папа нагадаў, што ў верасні 2024 года ў Нью-Ёрку адбудзецца Саміт будучыні, скліканы ААН для вырашэння асноўных глабальных праблем сучаснасці. На ім будзе падпісаны Пакт у імя будучыні і Дэкларацыя аб будучых пакаленнях. “Гэта важная падзея, якая патрабуе і вашага ўдзелу, каб яна не засталася толькі на паперы, а набыла канкрэтнасць і рэалізавалася шляхам дзеянняў і перамен”, - пажадаў Пантыфік.

Францішак нагадаў маладым людзям аб тым, што яны “закліканы быць галоўнымі героямі, а не гледачамі будучыні”. Нельга толькі дэлегаваць вырашэнне праблем дэпутатам і палітыкам. Праблемы тычацца жыцця кожнага з нас і патрабуюць актыўнага ўдзелу ўсіх. “У глабалізаваным свеце, дзе мы ўсе ўзаемазалежныя, нельга дзейнічаць паасобку, клапаціцца толькі аб сваім агародзе. Трэба аб'ядноўвацца ў сеткі, працаваць у сінэргіі і гармоніі “дзеля агульнага дабра, на карысць усіх", - параіў Святы Айцец.

Сучасныя праблемы і рызыкі, як цёмныя хмары, згушчаюцца над намі, пагражаючы нашай будучыні. Яны сталі глабальнымі, закранаюць усіх нас, усю чалавечую супольнасць, патрабуюць мужнасці і творчасці калектыўнай мары, каб разам справіцца з экалагічнымі, эканамічнымі, палітычнымі і сацыяльнымі крызісамі, з якімі сутыкнулася наша планета, адзначыў Папа, заклікаючы моладзь не спаць, не ляжаць на канапе, не марнаваць час у сацыяльных сетках, а маліцца і працаваць дзеля дабра.

Пантыфік нагадаў, што “мір – гэта не проста маўчанне зброі і адсутнасць вайны, а атмасфера добразычлівасці, даверу і любові”, якая існуе ў грамадстве, заснаваным на клапатлівых адносінах, дзе індывідуалізм і абыякавасць саступаюць месца клопату пра іншага.

Францішак заклікаў прысутных падумаць пра дзяцей вайны. “Падумайце пра ўкраінскіх дзяцей, якія развучыліся ўсміхацца... Маліцеся за гэтых дзяцей, трымайце ў сэрцы дзяцей вайны. Падумайце пра дзяцей Газы. Па іх страляюць, яны галадаюць. Падумайце пра дзяцей”, - сказаў Папа, запрашаючы кожнага прысутнага ў хвіліну цішыні звярнуць свае думкі да ўкраінскіх і палесцінскіх дзяцей.

19 красавіка 2024, 11:30