Пантыфік італьянскім біскупам: будзьце сапраўднымі пастырамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Душпастырства, адносіны з народам, евангельскія выклікі – такія тэмы абмяркоўвалі на сустрэчы з Францішкам італьянскія іерархі.
Аўдыенцыя насіла, у першую чаргу, душпастырскі характар, паведаміў у інтэрв'ю Vatican News старшыня Біскупскай канферэнцыі Кампаніі мансеньёр Антоніа Дзі Дона. Па яго словах, італьянскія біскупы сустрэліся з Пантыфікам як пераемнікі апосталаў з наступнікам Пятра, каб абмеркаваць выклікі Евангелля. Дэлегацыя правяла з Папам “дзве насычаныя гадзіны, на працягу якіх усе біскупы маглі ўзяць слова”. Святы Айцец суцешыў і ўмацаваў іх "не толькі ў веры, але, перш за ўсё, у надзеі", - падкрэсліў іерарх.
На думку біскупа Дзі Дона, "сёння быць біскупам, як і святаром, хрысціянінам, нялёгка", але аўдыенцыя вельмі натхніла яе ўдзельнікаў. Самым значным момантам для ўсіх стала разважанне Францішка пра "адносіны з мясцовасцю", пра тое, што біскупы – гэта пастыры “з пахам авечак", якія займаюцца канкрэтнымі справамі паўсядзённага жыцця. "Наш народ на поўдні Італіі – наша сапраўднае вялікае багацце", - падкрэсліў старшыня епіскапату Кампаніі.