Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: калі дзіця развучылася ўсміхацца, гэта вельмі сур’ёзна

Мір, дасягнуты ў выніку перамоў, лепш за бясконцую вайну, - сказаў Папа ў інтэрв’ю амерыканскай тэлерадыёсетцы CBS, урыўкі з якога былі паказаны 25 красавіка 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Войны ва Украіне і Святой Зямлі сталі адной з галоўных тэм размовы Святога Айца з журналісткай Норай О’Донэл, поўная версія якой выйдзе ў эфір 19 мая 2024 года, напярэдадні Сусветнага дня дзяцей і ватыканскіх мерапрыемстваў з яго нагоды.

“Шукайце перамоў. Шукайце міру”, - сказаў Пантыфік. Ён адзначыў, што “шмат моліцца” аб спыненні агню ў Газе і кожны вечар тэлефануе ў мясцовую каталіцкую парафію, якая стала прытулкам для шматлікіх мірных жыхароў, вымушаных змагацца за выжыванне не толькі з прычыны баявых дзеянняў, але таксама з-за адсутнасці неабходнага для жыцця.

Адказваючы на пытанне пра наступствы расійскага ўварвання для ўкраінскіх дзяцей, Францішак адказаў: “Гэтыя дзеці развучыліся ўсміхацца. Я кажу ім нешта, але яны забыліся як усміхацца. А калі дзіця забывае як усміхацца, гэта вельмі сур’ёзна”.

У інтэрв’ю Папа нагадаў пра выклік кліматычных змен, а спасылаючыся на Сусветны дзень дзяцей падкрэсліў, што дзеці “заўсёды нясуць нам пасланне” і “дазваляюць мець больш маладое сэрца”. Францішак таксама назваў добрым свой стан здароўя.

Святы Айцец нагадаў, што ў Касцёле ёсць месца для ўсіх. Ён заўважыў, што калі ў парафіі не вельмі адкрыты пробашч, заўсёды можна пашукаць іншую, але важна не пакідаць Касцёл. “Не ўцякайце з Касцёла. Касцёл вялікі, ён большы за храм... вы не павінны ўцякаць з яго”, - заахвоціў Францішак.
 

25 красавіка 2024, 09:13