Пошук

Францішак з кардыналам Анджэла Дэ Данацісам Францішак з кардыналам Анджэла Дэ Данацісам  (Vatican Media)

Пантыфік прызначыў новага кіраўніка Апостальскай пенітэнцыярыі

6 красавіка 2024 года Папа прызначыў новым Вярхоўным пенітэнцыярыем кардынала Анджэла Дэ Данаціса, які дагэтуль быў Генеральным вікарыем Яго Святасці для Рымскай дыяцэзіі і архіпрэзбітэрам папскай базілікі Святога Яна на Латэране.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Італьянскі іерарх зменіць на гэтай пасадзе свайго земляка, кардынала Маўра П’ячэнцу, які ўзначальваў гэты касцёльны трыбунал з верасня 2013 года.

Апостальская пенітэнцыярыя (лац. Sacra Paenitentiaria) або Вярхоўны трыбунал Апостальскай пенітэнцыярыі – адзін з трох трыбуналаў Рымскай курыі. Яна вырашае пытанні, звязаныя з унутранай падсуднасцю і мае не судовую, а адміністрацыйную ўладу.

Асноўныя пытанні, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі Апостальскай пенітэнцыярыі: зняцце экскамунікі latae sententiae і дыспенсацыя сакрамэнтальных перашкод у выпадках, якія пакідаюцца за Апостальскай Сталіцай, а таксама абвяшчэнне адпустаў і кіраванне імі.

Кіраўнік Апостальскай пенітэнцыярыі з'яўляецца адной з нямногіх службовых асоб Апостальскай Сталіцы, які захоўвае сваю пасаду ў перыяд sede vacante.
 

06 красавіка 2024, 12:18