Пантыфік: сінадальны шлях – гэта шлях паглыбленага слухання
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ён напісаў прадмову да кнігі езуітаў Хуана Антоніа Герэры Алвеса і Оскара Марціна Лопеса пад назвай Размова ў Духу – мастацтва распазнавання і практыка сінадальнасці, якая выйдзе на італьянскай мове 30 красавіка 2024 года ў Ватыканскім выдавецтве.
На думку Францішка, ідэя размовы як “вылівання ў агульнае рэчышча”, прадстаўленае ў кнізе, заслугоўвае далейшага развіцця. “Фактычна, гэта канцэпцыя размовы дазваляе вылучыць розныя пункты гледжання, каб узбагаціць агульнае рэчышча. (...) У размове ў Духу мы знаходзім шлях удзелу, арыентаваны на камунію і аднаўленне місіі, які заахвочвае да ўдзелу ўсіх і вітае ў камуніі і адзінстве вялікую разнастайнасць, якой мы ўсе з’яўляемся”, - заўважыў Святы Айцец. Ён дадаў, што “сінадальны шлях Касцёла – гэта шлях паглыбленага слухання”.
Папа нагадаў, што “слуханне Духа патрабуе пэўнага ўнутранага стаўлення” – “размова ў Духу, распазнаванне і сінадальнасць могуць мець месца толькі ў тым выпадку, калі мы стараемся спустошыць сябе, каб напоўніцца Духам, калі наша свабода аслабляе матэрыяльныя, ідэалагічныя і эмацыйныя прычалы, каб дазволіць Духу весці нас”.
Францішак падзякаваў аўтарам за карысны матэрыял, які, упэўнены ён, “стане выдатнай дапамогай у многіх касцёльных асяроддзях”.