Папа да францішканаў: несці Божую любоў у стыгматызаваны свет
Марыя Валодзіна - Vatican News
Нагодай для сустрэчы Папы з францішканамі стала 800-годдзе дару стыгматаў, атрыманых святым Францішкам Асізскім у мястэчку Ла-Верна 14 верасня 1224 года, за два гады да смерці. Пантыфік падзякаваў гасцям за тое, што прынеслі на папскую аўдыенцыю рэліквію крыві святога Францішка.
"Будзьце дараванымі, якія прыносяць прабачэнне, вылечанымі, якія прыносяць вылячэнне, радаснымі і простымі ў братэрстве, і ўсё гэта ў моцы любові, якая зыходзіць ад Хрыста і якая падсілкоўваецца вашай асабістай сустрэчай з Ім", - заахвоціў Папа манахаў.
У сваёй прамове Папа заклікаў усіх хрысціян імкнуцца адпавядаць вобразу "беднага і ўкрыжаванага Хрыста". Па яго словах, стыгматы святога Францішка Асізскага былі красамоўным сведчаннем пакут, перанесеных Хрыстом дзеля нашага збаўлення, а таксама Яго перамогі над смерцю. "Менавіта праз гэтыя раны да нас, як па рэчышчам, цячэ міласэрнасць укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста", - сказаў ён.
Папа адзначыў, што абавязак кожнага хрысціяніна – клапаціцца пра ўсіх стыгматызаваных людзей, якія нясуць на сабе "шрамы пакут, несправядлівасці або мінулых памылак". У Касцёле кожны з нас нанова адкрывае для сябе тое, хто ён ёсць: умілаванае і благаслаўлёнае дзіця, “пасланае сведчыць пра цуды ласкі і быць рамеснікам братэрства".
Святы Францішак Асізскі з'яўляецца нашым спадарожнікам на гэтым шляху, дапамагаючы нам пераадольваць непераадольныя цяжкасці і страхі. Яго беднасць і духоўнасць, а таксама ўпэўненасць у любові Айца, зрабіла яго адкрытым на Пана і на патрэбы братоў і сясцёр, - дадаў Папа.
Святы Айцец паразважаў пра значэнне вобразу стыгматаў у жыцці францішканаў. Ён заклікаў законнікаў быць адзінымі і заўсёды дараваць, што з'яўляецца часткай іх місіі па "аднаўленні" Касцёла. "Вы добрыя спаведнікі. Францішкане славяцца гэтым. Даруйце ўсё. Даруйце заўсёды. Бог ніколі не стамляецца прабачаць, гэта мы стамляемся прасіць прабачэння”, - сказаў ён.
На думку Папы, стыгматы святога Францішка Асізскага ўяўляюць сабой "пячатку сутнаснага", якая сведчыць аб цэнтральнай ролі Хрыста ў місіі Касцёла. Ён заклікаў Братоў Меншых несці ў Касцёл і свет "часцінку той велізарнай любові, якая пабудзіла Езуса памерці за нас на крыжы".
Напрыканцы аўдыенцыі Святы Айцец узнёс разам з францішканамі малітву да святога заснавальніка іх ордэна, благаславіў прысутных і папрасіў маліцца аб ім.