Папа да маладых і старых: любіць усіх, як у адной вялікай сям'і
Марыя Валодзіна - Vatican News
27 красавіка 2024 года ў Ватыкане адбылася сустрэча бабуль, дзядуляў і іх унукаў з Францішкам. Мерапрыемства, арганізаванае італьянскім Фондам Старэйшы ўзрост (Fondazione Età Grande), прайшло пад дэвізам Пяшчота і ўсмешка. Асноўная мэта ініцыятывы – спрыяць дыялогу паміж пакаленнямі і прыцягнуць увагу да ролі пажылых людзей у грамадстве.
Дастаткова проста паглядзець на вас, каб зразумець, як добра быць разам, "таму што паміж вамі існуе любоў", - сказаў Папа ў сваёй прамове да моладзі і пажылых людзей, якія сабраліся ў Зале Паўла VI. Ён заахвоціў гасцей паразважаць над тым, што “любоў робіць нас лепшымі, багацейшымі і мудрэйшымі ў любым узросце”.
“Па-першае, любоў робіць нас лепшымі”, - нагадаў Францішак, дадаючы, што і ён атрымаў сваю веру ад бабулі, ад якой “упершыню даведаўся пра Езуса, які любіць нас, які ніколі не пакідае нас, і падахвочвае нас быць блізкімі адзін да аднаго і ніколі нікога не выключаць”. Ён распавёў гісторыю адной сям'і, у якой дзядуля еў за асобным сталом, паколькі пэцкаўся. Тады ўнук узяў малаток і цвікі, і на пытанне бацькі, навошта яны яму, адказаў: “Я зраблю табе стол, каб ты мог есці за ім, калі станеш старым!” Гэтую гісторыю Францішак пачуў ад бабулі і запомніў яе на ўсё жыццё. “Не забывайце і вы, таму што толькі разам, з любоўю, не выключаючы нікога, вы становіцеся лепш, чалавечней!” - заклікаў Святы Айцец.
Па-другое, любоў робіць нас багацейшымі. Наш свет складаецца з мноства розных рэалій, пакаленняў, народаў, якія дапаўняюць адзін аднаго, ствараючы, падобна граням вялікага алмаза, цудоўнае хараство чалавека і тварэння. Трэба быць разам, “каб не распыляць гэты алмаз любові, выдатны скарб, які Бог даў нам”, - папярэдзіў ад раздробленасці і эгаізму Францішак.
Такія фразы, як Падумай пра сябе! Табе ніхто не патрэбны! – ілжывыя, яны падманваюць людзей, вядуць да адзіноты, да культуры адкідаў, калі “пажылыя людзі застаюцца адны і праводзяць апошнія гады жыцця ўдалечыні ад дома і блізкіх”. “Хіба не нашмат лепш свет, у якім ніхто не павінен баяцца скончыць свае дні ў адзіноце?” - запытаў Папа, заклікаючы будаваць такі свет, у якім старэйшы ўзрост лічыўся б не цяжарам, а багаццем.
Нарэшце, любоў робіць нас мудрэйшымі. Дарагія ўнукі, вашы бабулі і дзядулі – гэта памяць, а калі грамадства страчвае памяць, усё скончана. Мы не павінны губляць памяць, - сказаў Пантыфік, заахвочваючы моладзь прыслухоўвацца да старых. “Пажылыя людзі выкарыстоўваюць акуляры, але амаль усе бачаць далёка. Чаму? Яны дальнабачныя, таму што пражылі шмат гадоў, і ім ёсць чаму навучыць: напрыклад, таму, што вайна – гэта зло”, - сказаў Францішак, узгадваючы свайго дзеда, які распавядаў яму пра Першую сусветную вайну.
Не пакідаць сваіх бабуль і дзядуляў, не маргіналізаваць іх, заклікаў Святы Айцец, нагадваючы пра прыклад Езуса, які на крыжы даручыў сваю Маці вучню, і наадварот. “Убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе” (Ян 19, 26-27). Гэтымі словамі ён даверыў нам цуд, які трэба ажыццявіць: любіць усіх, як у адной вялікай сям'і, - звярнуўся да моладзі і пажылых Святы Айцец.