Пошук

Папа да моладзі: Пан ніколі не падводзіць тых, хто давярае Яму

Выключыць тэлевізар і адкрыць Евангелле, пакінуць мабільны тэлефон і сустрэцца з людзьмі, - заклікаў Францішак маладых жыхароў Венецыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Cустрэча Святога Айца з моладдзю прайшла 28 красавіка 2024 года на плошчы перад базілікай Санта-Марыя-дэла-Салютэ.

“Усе мы атрымалі вялікі дар – быць любімымі дзецьмі Божымі, і закліканы выканаць мару Пана: сведчыць і жыць Яго радасцю. Няма нічога прыгажэй”, - падкрэсліў Папа, прапаноўваючы маладым людзям паразважаць над двума дзеясловамі – устаць і ісці, якія рухалі маладым сэрцам Маці Божай: “Сабраўшыся, Марыя паспяшыла” (пар. Лк 1, 39).

Перш за ўсё, сабрацца, устаць. Устаць з зямлі, таму што мы створаны для нябёсаў. Падняць погляд увысь. Устаць, каб глядзець у твар жыцця, а не сядзець на канапе. Устаць, каб сказаць так Богу, які верыць у нас. Устаць, каб прызнаць, што мы каштоўныя і незаменныя. Раніцай, калі мы прачынаемся, мы ўстаём з ложка, молімся Айцу і вітаем сябе як Яго дар, прызнаем сябе Яго любым сынам ці дачкой. Мы нагадваем сабе, што ў нас ёсць Айцец на нябёсах і, такім чынам, мы – дзеці нябёсаў.

Папа заклікаў моладзь даверыцца Богу: “Давайце дазволім Пану ўзяць нас за руку. Ён ніколі не падводзіць тых, хто давярае Яму”. “Калі ты памыляешся і падаеш, што Ён робіць? Ён стаіць побач і ўсміхаецца табе, гатовы ўзяць за руку”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што для Бога мы – “дзеці, якіх трэба падняць, а не злодзеі, якіх трэба пакараць”.

“Падняўшыся, мы павінны стаяць, трымацца, нават калі ўзнікае жаданне сесці, усё кінуць. Гэта няпроста, але ў гэтым сакрэт. Так, сакрэт вялікіх поспехаў у сталасці. Сёння мы жывем хуткімі эмоцыямі, імгненнымі адчуваннямі, інстынктамі, якія доўжацца ўсяго некалькі імгненняў. Але так далёка не пойдзеш. Чэмпіёны спорту, мастакі, навукоўцы паказваюць, што вялікія дасягненні не дасягаюцца ў адно імгненне, усё і адразу. І калі гэта так у дачыненні да спорту, мастацтва і культуры, то гэта тым больш так і ў дачыненні да самага важнага ў жыцці: веры і любові”, - сказаў Святы Айцец.

Імправізацыя не працуе: малюся, калі мне гэта падабаецца, іду на Імшу, калі мне хочацца, раблю дабро, калі пажадаю… “Гэта не дае вынікаў, трэба ўпарціцца з дня ў дзень. І рабіць гэта разам”, - папярэдзіў Францішак, заклікаючы моладзь не ізаляваць сябе, ісці супраць плыні, “выключыць тэлевізар і адкрыць Евангелле, пакінуць мабільны тэлефон і сустрэцца з людзьмі”.

Другі дзеяслоў для разважання – ісці. “Ісці – значыць ахвяраваць сабой. Калі жыццё – гэта дар, я закліканы жыць, ахвяруючы сабой”, - сказаў Папа, запрашаючы моладзь не быць паралізаванымі меланхоліяй, а ісці да іншых, спытаць сябе: для каго я магу зрабіць нешта? Каму я магу прысвяціць свой час? “Давайце падумаем пра нашага Айца, які стварыў для нас усё. А мы, Яго дзеці, ці ствараем мы для кагосьці нешта прыгожае?” - запытаў Францішак.

Папа заклікаў моладзь “вырвацца з гіпнатычнага свету сацыяльных сетак”, не быць “прафесіяналамі кампульсіўнага набору тэксту”, адмовіцца ад “нігілістычнай логікі я раблю, каб мець, і я працую, каб зарабіць”. Замест гэтага “здзейсніць жэст любові да таго, хто не можа адказаць узаемнасцю”. “Тады вы будзеце рэвалюцыянерамі”, - сказаў Францішак.

“Устань і ідзі. Езус звяртаецца да цябе з такім запрашэннем. Многім людзям, якім дапамагаў і якіх вылечваў, Ён казаў: "Устань, ідзі" (пар. Лк 17, 19). Прыслухайся да гэтага закліку, паўтарай яго ўнутры сябе, захавай у сваім сэрцы. Устань, ідзі!” - заклікаў юнакоў і дзяўчат Францішак.
 

28 красавіка 2024, 10:20