Пошук

Папа: маліцца аб добрай фармацыі законнікаў і семінарыстаў

Кожнае пакліканне – “неапрацаваны алмаз”, які трэба адшліфаваць, апрацаваць, надаць яму форму з усіх бакоў, - нагадаў Францішак у відэароліку Папскай сусветнай сеткі малітвы, абвяшчаючы інтэнцыю на май 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Добры святар, законніца, павінны перш за ўсё быць людзьмі, сфармаванымі, апрацаванымі Божай ласкай; людзьмі, якія ўсведамляюць свае абмежаванні і гатовы весці малітоўнае жыццё, прысвяціць сябе сведчанню Евангелля”, - зазначыў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што “іх падрыхтоўка павінна быць цэласнай, яна павінна пачынацца ўжо з семінарыі і навіцыяту, у непасрэдным кантакце з жыццём іншых людзей”, што мае “асноватворнае значэнне”.

Пантыфік падкрэсліў, што “фармацыя не завяршаецца ў пэўны момант, але працягваецца ўсё жыццё, на працягу многіх гадоў, узбагачаючы інтэлектуальную, чалавечую, эмацыйную і духоўную сферы”. “Яна таксама павінна рыхтаваць да жыцця ў супольнасці, да так каштоўнага супольнага жыцця, хоць часам яно можа быць складаным. Супольнае жыццё – не тое самае, што жыццё ў супольнасці”, - дадаў ён.

“Будзем маліцца, каб законнікі, законніцы і семінарысты ўзрасталі на шляхах паклікання, дзякуючы чалавечай, душпастырскай, духоўнай і супольнаснай фармацыі і такім чынам станавіліся пераканаўчымі сведкамі Евангелля”, - абвясціў сваю малітоўную інтэнцыю Францішак.
 

30 красавіка 2024, 16:00