Папа: несці ў паранены свет сведчанне адзінства і любові
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мерапрыемства аб'ядноўвае хрысціянскіх лідараў з усіх куткоў свету: католікаў, праваслаўных, пратэстантаў, пяцідзесятнікаў, прадстаўнікоў евангельскіх і незалежных цэркваў, экуменічных арганізацый.
“У вашай асамблеі прымаюць удзел людзі з усяго свету, і гэта адлюстроўвае выдатную мазаіку сучаснага хрысціянства з яго багатай разнастайнасцю, заснаваную аднак на агульнай ідэнтычнасці паслядоўнікаў Езуса Хрыста”, - гаворыцца ў пасланні Святога Айца, тэкст якога прачытаў арцыбіскуп Флавіа Пачэ, сакратар Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Сёлетняя тэма Каб свет пазнаў (Ян 17, 23) “заклікае хрысціян увасабляць адзінства і любоў трыадзінага Бога ў сваім асабістым і касцёльным жыцці, каб несці сведчанне ў свет, паранены падзелам і суперніцтвам”, - напісаў Папа.
Адзінства – неабходны элемент рэалізацыі бачання Валадарства Божага, а экуменізм і хрысціянская місія непарыўна звязаны. Сусветны хрысціянскі форум уносіць значны ўклад ва ўмацаванне гэтай повязі, ствараючы прастору, у якой “прадстаўнікі розных гістарычных плыняў хрысціянскай веры, растуць ва ўзаемнай павазе і братэрстве, сустракаючыся адзін з адным у Хрысце”, - адзначыў Пантыфік.
“Няхай гэтая сустрэча, прысвечаная 25-й гадавіне Глабальнага хрысціянскага форума, умацуе вашу веру і адродзіць братэрскую любоў падчас сумеснай малітвы, абмену асабістым досведам і абмеркавання праблем, якія стаяць перад сусветнай хрысціянскай супольнасцю”, - пажадаў удзельнікам асамблеі Францішак.