Папа сустрэўся з жанчынай, хворай на бакавы аміятрафічны склероз
Марыя Валодзіна - Vatican News
"У мяне была мара, і Бог ажыццявіў яе", - так пракаментавала 60-гадовая жанчына сустрэчу з Святым Айцом.
Ажыццявіць жаданне хворай на бакавы аміятрафічны склероз дапамаглі сябры з каталіцкай супольнасці Гамбурга, куды Марыя Хасэ эмігравала шмат гадоў таму, а таксама польскі езуіт, ксёндз Міраслаў Анджэй Матыя, і кардынал Майкл Чэрны.
"Ці не маглі б вы дапамагчы ёй сустрэцца з Францішкам?”, - з такой просьбай звярнуліся сябры з каталіцкай супольнасці партугальскай эмігранткі да ксяндза Міраслава, які жыве ў Рыме, але часта бывае ў Гамбургу, дзе дапамагае місіі іезуітаў. Той, у сваю чаргу, звярнуўся да кардынала Майкла Чэрнага, прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, які адказаў, што “паспрабуе нешта зрабіць”.
Між тым, стан Марыі Хасэ пагоршыўся, і было прынята рашэнне неадкладна ехаць у Рым, каб прыняць удзел у нядзельнай малітве Папы з вернікамі на плошчы святога Пятра.
Аднак 12 красавіка 2024 года кардынал Чэрны патэлефанаваў ксяндзу Міраславу, таму што "Францішак выказаў жаданне сустрэцца з жанчынай на прыватнай аўдыенцыі".
Сустрэча з Папам доўжылася некалькі хвілін. “Мая вера большая за маю хваробу”, - сказала Марыя Хасэ, звяртаючыся да Францішка, які быў уражаны гэтымі словамі і паўтарыў іх па-іспанску: "Вера большая за боль".
“Гэта быў кароткі, просты, але сапраўды хвалюючы момант для жанчыны, яе сям'і, і для Папы, які быў крануты яе сведчаннем і верай", - распавёў ксёндз Міраслаў.