Шаман просіць Папу дапамагчы абараніць рэгіён Амазонкі

Францішак прыняў у Ватыкане шамана і лідара бразільскага карэннага насельніцтва Янамамі. Падчас сустрэчы, якая прайшла 10 красавіка 2024 года, Даві Капенава прасіў Папу аб падтрымцы ў абароне рэгіёну Амазонкі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Нягледзячы на тое, што абарона гэтых тэрыторый прызнана на міжнародным узроўні, яны ўвесь час падвяргаюцца нападам, таму што ўлады дазваляюць гэта рабіць”, - сказаў госць з Бразіліі парталу Vatican News.

Ён прасіў Пантыфіка заступіцца перад прэзідэнтам Бразіліі Луісам Інасіу Лула да Сілвай, каб той паўплываў на золаташукальнікаў і іншых эксплуататараў. Сітуацыя карэнных суполак у рэгіёне Амазонкі апошнім часам значна пагоршылася – лес працягваюць высякаць для здабычы карысных выкапняў. “Мяне вельмі хвалюе наша будучыня, таму што наступным пакаленням спатрэбіцца лес”, - сказаў прадстаўнік бразільскага карэннага насельніцтва.

Нагадаем, што ў 2019 годзе Францішак спецыяльна склікаў Сінод Біскупаў на тэму Амазоніі. На ім гаворка ішла, між іншым, пра экалагічныя і сацыяльныя наступствы празмернай эксплуатацыі ў багатым рэсурсамі рэгіёне, пагрозлівым становішчы карэнных народаў, але таксама пра новыя спосабы душпастырства.

У сваёй паслясінадальнай адгартацыі Querida Amazonia Папа ў чарговы раз раскрытыкаваў арыентаваную на прыбытак эксплуатацыю навакольнага асяроддзя і знішчэнне карэнных народаў і культур.
 

11 красавіка 2024, 10:43