Святы Айцец: цнота ўстрыманасці вядзе да шчаслівага жыцця
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Апошнюю катэхезу з цыкла аб кардынальных цнотах Францішак прысвяціў устрыманасці. Грэчаскія філосафы лічылі яе “ўладай над сабой” і звязвалі з дасягненнем шчасця, - нагадаў ён, называючы гэту цноту таксама “здольнасцю да самапанавання” і “мастацтвам не паддавацца мяцежным жарсцям”. Папа нагадаў, што ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла яна акрэсліваецца як цнота, якая “забяспечвае перавагу волі над інстынктамі і ўтрымлівае жаданні ў рамках добрапрыстойнасці”.
Устрыманасць з’яўляецца цнотай “добрай меры”, дапамагаючы паступаць мудра ў кожнай сітуацыі, - сказаў Францішак. Ён заўважыў што “людзі, якія дзейнічаюць пад уплывам імпульсаў і нястрыманасці ўрэшце аказваюцца ненадзейнымі”. “У свеце, дзе так шмат людзей хваляцца тым, што кажуць тое, што думаюць, устрыманы чалавек аддае перавагу таму, каб думаць, што кажа”, - дадаў Святы Айцец.
Па словах Пантыфіка, устрыманасць вучыць нас паступаць разважліва перад абліччам прыемнасцяў жыцця. “Свабода руху імпульсаў і поўны дазвол на атрыманне прыемнасцей урэшце абарочваюцца супраць нас, пагружаючы нас у стан смутку”, - папярэдзіў ён.
Францішак зазначыў, што ўстрыманы чалавек добра ўзважвае ўласныя словы, бо разумее як шмат яны значаць у чалавечых адносінах. “Ён не дазваляе хвіліннаму гневу знішчыць стасункі і сяброўства, для аднаўлення якіх потым могуць спатрэбіцца вялікія высілкі”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што ў сямейным жыцці, у якім не хапае ўстрыманасці, існуе большая рызыка нестрымання напружанасці, раздражнення і гневу. “Ёсць час, каб гаварыць, а ёсць, каб маўчаць, але і ў першым і ў другім выпадку неабходна слушная мера”, - падкрэсліў ён.
Святы Айцец адзначыў, што стрымліваць уласны нораў не заўсёды значыць быць бестурботным, бо часам бывае неабходна абурыцца і папракнуць іншага. “Устрыманы чалавек ведае, што няма нічога больш непрыемнага, чым папраўляць іншага, але таксама ведае, што гэта неабходна: інакш можна даць свабоду злу. У некаторых выпадках устрыманаму чалавеку ўдаецца сумясціць крайнасці: ён стаіць на варце абсалютных прынцыпаў, бароніць каштоўнасці, якія не абмяркоўваюцца, але пры гэтым здольны разумець людзей і праяўляць да іх спагаду”, - перакананы Пантыфік.
У свеце, дзе ўсё падштурхоўвае да лішкаў, чалавек, які практыкуе ўстрыманасць, уяўляе сабой раўнавагу і жыве каштоўнасцямі, блізкімі да стылю Евангелля: такімі як маласць, сціпласць і лагоднасць. Такі чалавек “адчувальны, умее плакаць і не саромеецца гэтага, але не плача над сабой”. “Спазнаўшы паразу, ён зноў устае; атрымаўшы перамогу, ён здольны вярнуцца да звычайнага жыцця не навідавоку. Ён не шукае апладысментаў, але ведае, што мае патрэбу ў іншых. Гэта няпраўда, што ўстрыманасць робіць чалавека шэрым і бязрадасным. Наадварот, яна дазваляе атрымліваць большую асалоду ад даброт жыцця”, - запэўніў на заканчэнне катэхезы Францішак, заклікаючы вернікаў маліцца аб дарах сталасці і ўстрыманасці.