Святы Айцец: хай пераважаць дыялог і дыпламатыя
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа нагадаў, што ў нядзелю Добрага Пастыра адзначаецца Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, які ў гэтым годзе прысвечаны тэме Пакліканыя сеяць надзею і будаваць мір. “Гэта выдатная магчымасць зноў адкрыць для сябе Касцёл як супольнасць, якой характэрна паліфанія харызмаў і пакліканняў да служэння Евангеллю. У гэтым кантэксце я шчыра вітаю новых прэзбітэраў Рымскай дыяцэзіі, якія былі пасвечаны ўчора ў базіліцы святога Пятра. Молімся за іх!” – сказаў Пантыфік.
“Працягваю з непакоем і болем сачыць за сітуацыяй на Блізкім Усходзе. Аднаўляю заклік не паддавацца логіцы прэтэнзій і вайны. Замест гэтага хай пераважаць шляхі дыялогу і дыпламатыі, якія могуць зрабіць вельмі шмат. Малюся кожны дзень аб міры ў Палесціне і Ізраілі, спадзяюся, што гэтыя два народы хутка перастануць пакутаваць. І давайце не будзем забываць пра змучаную Украіну, якая так моцна пакутуе ад вайны”, - заклікаў Папа.
Святы Айцец узгадаў таксама пра смерць у выніку няшчаснага выпадку ксяндза Матэа Пецінары, маладога “нястомнага місіянера" ў Кот-д'Івуары, і заклікаў вернікаў маліцца за яго душу.