Святы Айцец: распаўсюджваць культуру абдымкаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Абдымкі – адзін з самых спантанных выразаў чалавечага досведу”, - нагадаў удзельнікам ініцыятывы, якія сабраліся на плошчы святога Пятра, Папа. Жыццё чалавека пачынаецца з абдымкаў бацькоў, за якімі ідуць шматлікія іншыя пяшчотныя жэсты аж да апошніх абдымкаў падчас растання з зямным шляхам. Але перш за ўсё наша жыццё ахоплена вялікімі абдымкамі Бога, які любіць нас і ніколі не перастае абдымаць, асабліва калі мы вяртаемся пасля блуканняў, як у прыпавесці пра міласэрнага айца (Лк 15, 1-32). “Якім было б наша жыццё і як бы рэалізоўвалася місія Касцёла без гэтых абдымкаў?” - запытаў Папа, прапаноўваючы паразважаць над трыма тыпамі абдымкаў: абдымкі, якіх не хапае; абдымкі, якія збаўляюць; і абдымкі, якія змяняюць жыццё.
Па-першае, абдымкі, якіх не хапае. У сённяшнім свеце католікі часам сутыкаюцца з закрыццём і супрацівам, непрыманнем і супрацьстаяннем, недаверам і нават канфліктамі. Так, у аснове войнаў часта ляжаць прапушчаныя або адрынутыя абдымкі, забабоны, непаразуменні і падазрэнні, якія прымушаюць бачыць у іншым ворага. “І ўсё гэта, на жаль, адбываецца ў нашы дні, на нашых вачах, у многіх частках свету! З іншага боку, сваёй прысутнасцю і працай вы сведчыце аб тым, што шлях абдымкаў – гэта шлях жыцця”, - сказаў Святы Айцец.
Другі жэст – абдымкі, якія збаўляюць. У аснове нашага існавання ляжаць менавіта міласэрныя абдымкі Бога, які ўцелавіўся ў Езусе і чый твар адлюстроўваецца ў кожным Яго жэсце прабачэння, вылячэння, вызвалення, служэння, збаўлення свету і даравання тым, хто Яго ўкрыжаваў (Лк 23, 34). “І ўсё гэта было дадзена нам, каб мы вучыліся таму ж самаму”, - нагадаў Пантыфік, заклікаючы слухачоў дазволіць Богу абняць іх, як дзяцей (пар. Мц 18, 2-3; Мк 10, 13-16), каб мець магчымасць абдымаць іншых.
Трэці жэст – абдымкі, якія змяняюць жыццё. Існуе шмат святых, у жыцці якіх абдымкі пазначылі вырашальны паварот. Напрыклад, святы Францішак, які пакінуў усё, каб ісці за Панам пасля таго, як абняў пракажонага. “Калі гэта было справядліва для іх, то справядліва таксама і для нас. Напрыклад, для вашай асацыяцыі, жыццё якой вельмі шматграннае, агульным назоўнікам могуць стаць менавіта абдымкі міласэрнасці”, - пажадаў Папа, заахвочваючы прысутных культываваць у Касцёле і грамадстве культуру абдымкаў.
Прысутнасць на плошчы “дзяцей, сем'яў, мужчын і жанчын, студэнтаў, рабочых, маладых людзей, дарослых і пажылых”, усіх разам, навяла Францішка на разважанне пра Сінод. “Сінод падыходзіць да свайго трэцяга этапу, самага складанага і важнага, прароцкага”, - сказаў ён. Гаворка ідзе аб тым, каб на аснове працы папярэдніх этапаў, зрабіць выбар і надаць новы імпульс касцёльнаму жыццю і яго місіі. Але самае важнае ў гэтым Сінодзе – сінадальнасць. Патрэбныя людзі, якія ўмеюць весці дыялог, размаўляць, разам шукаць адказы, - адзначыў Пантыфік, заклікаючы ўдзельнікаў сустрэчы быць пілігрымамі надзеі і “сцяганосцамі Сінода” у сваіх дыяцэзіях і парафіях.
Напрыканцы прамовы Святы Айцец пажадаў, каб XVIII Нацыянальная асамблея руху Каталіцкая акцыя стала момантам сумеснай адказнасці, а таксама абдымкаў і братэрскай павагі.