Пошук

Папа Францішак Папа Францішак  (ANSA)

Францішак даслаў ліст маленькім пацыентам шпіталя Перуджы

“Я рады, што ў школе кожны з вас знаходзіць прамень святла ў цемры хваробы. Школа – гэта месца сустрэчы”, - напісаў Францішак у лісце да дзяцей, якія лечацца ў бальніцы Перуджы.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У канцы сакавіка 2024 года маленькія пацыенты клінікі Перуджы напісалі Святому Айцу кранальны ліст, каб падтрымаць яго ў барацьбе з праблемамі са здароўем. Па іх словах, яны выдатна разумеюць Папу, таму што самі сутыкаюцца з бясконцымі цяжкасцямі і пакутамі. У шпіталі лечацца дзеці ўсіх узростаў з розных краін свету. Яны наведваюць школу, якую называюць вясёлкавай, таму што яна “нясе сонечны прамень у цемры хваробы".

12 красавіка Пантыфік адказаў на дзіцячае пасланне такімі словамі: "Дарагія сябры! Вялікі дзякуй за ліст, які вы мне даслалі. Я ад усяго сэрца ўдзячны вам за яго. Я быў рады адчуць вашу блізкасць і даведацца, што ў шпіталі вы добра сябе паводзіце. Мне было прыемна чытаць аб тым, што ў школе кожны з вас знаходзіць прамень святла ў цемры хваробы. Школа – гэта месца сустрэчы. Нам патрэбна культура сустрэчы, каб спазнаць адзін аднаго, любіць адзін аднаго, ісці разам. Ідзіце наперад па гэтаму шляху! Я малюся за вас, вашых бацькоў, настаўнікаў і дактароў. Жадаю ўсім вам шчаслівага Вялікадня. І, калі ласка, не забудзьцеся памаліцца за мяне. Няхай Езус благаслаўляе, а Святая Дзева захоўвае вас”.

У шпіталь Перуджы ліст Францішка быў дастаўлены поштай 13 мая 2024 года.

14 мая 2024, 10:25