Пошук

Францішак з фотаздымкам ксяндза Карласа Мухікі Францішак з фотаздымкам ксяндза Карласа Мухікі 

Папа: ксёндз Мухіка заклікае нас змагацца з несправядлівасцю

Святы Айцец скіраваў пасланне з нагоды 50-годдзя пакутніцкай смерці айца Карласа Мухікі, забітага 11 мая 1974 года ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна).

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваім пасланні Францішак прывітаў усіх людзей, якія ўдзельнічаюць у памятных мерапрыемствах з нагоды пяцідзесятай гадавіны смерці ксяндза Мухікі. Ён заклікаў “аднавіць братэрскую і адданую прысутнасць сярод тых, хто нясе цяжкі крыж", тых, хто пакутуе ад усіх відаў беднасці.

Па словах Папы, айцец Мухіка “заклікае нас змагацца з усімі відамі несправядлівасці, весці разумны дыялог з дзяржавай і грамадствам". Сведчанне святара "вучыць нас не паддавацца ідэалагічнай каланізацыі і культуры абыякавасці". "Давайце прасіць Пана, каб прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла прыносілі плён у нашых супольнасцях, а праз іх і ва ўсім грамадскім жыцці", - напісаў Пантыфік.

Ксёндз Карлас Мухіка (1930-1974) – аргенцінскі каталіцкі святар, які заклікаў дапамагаць бедным, удзельнічаць у палітычным жыцці і змагацца за сацыяльную роўнасць. Быў забіты ўльтраправымі тэрарыстамі пасля Імшы ў касцёле аднаго з самых бедных кварталаў Буэнас-Айрэса. Першапачаткова быў пахаваны ў сямейным склепе на арыстакратычных могілках аргенцінскай сталіцы, але пазней, у 1999 годзе, яго парэшткі былі перанесены ў заснаваную ім парафію Хрыста-Рабочага ў адной з трушчоб горада. Арцыбіскупам Буэнас-Айрэса ў той час быў Хорхэ Марыа Берголіа.

13 мая 2024, 13:15