Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Францішак: пакліканне трэба ахоўваць і развіваць кожны дзень

Каб добра жыць Божым пакліканнем трэба заставацца ў Яго любові праз пастаянны дыялог з Езусам у штодзённай малітве і вернасць абяцанням, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

30 мая 2024 года Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў кангрэса, арганізаванага Канферэнцыяй законнікаў і законніц Бразіліі з нагоды 70-годдзя гэтага касцёльнага аб’яднання.

“Я ўдзячны за велізарны дар паклікання да кансэкраванага жыцця, якое ў сваіх самых разнастайных харызмах узбагачае касцёльныя адносіны і робіць вялікі ўнёсак у місію Касцёла ва ўсім свеце. У шматлікіх месцах на планеце першае абвяшчэнне Евангелля мае аблічча кансэкраваных мужчын і жанчын, якія з вялікай самааддачай і прысвячэннем свайго жыцця выконваюць даручэнне Пана: “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню” (Мк 16,15)”, - напісаў Папа.

“Мы ўсе ведаем, што дар паклікання трэба ахоўваць і развіваць кожны дзець, каб ён прыносіў добрыя плёны ў жыцці кожнага законніка і законніцы. Таму мне вельмі прыемна, што дэвізам гэтага кангрэса была абрана парада, якую Езус даў апосталам падчас Апошняй Вячэры: “Заставайцеся ў Маёй любові” (Ян 15,9). Насамрэч, каб добра жыць Божым пакліканнем трэба заставацца ў Яго любові праз пастаянны дыялог з Езусам у штодзённай малітве і вернасць абяцанням”, - дадаў Пантыфік, нагадваючы словы са сваёй гаміліі, прамоўленай у Сусветны дзень кансэкраванага жыцця ў лютым 2020 года: “Кансэкраваная асоба, калі застаецца ў любові Пана, бачыць прыгажосць. Бачыць, што беднасць – гэта не тытанічнае намагнанне, а найвышэйшая свабода, якая дорыць нам Бога і іншых як сапраўднае багацце. Бачыць, што чыстасць – гэта не аскетычная стэрыльнасць, а шлях да таго, каб любіць, не валодаючы. Бачыць, што паслухмянаць, гэта не дысцыпліна, а перамога над нашай анархіяй у стыле Езуса”.
 

30 мая 2024, 15:00